У кожнага народа ёсць песняры, якія сілай свайго таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, але і фарміруюць нацыянальную самасвядомасць, увасабляюць нацыянальную ідэю, даючы мэту і сэнс існавання не аднаму пакаленню.
Яны становяцца сімваламі свайго народа. Для беларусаў адным з іх з’яўляецца Якуб Колас. 3 лістапада споўнілася 140 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.
Юбілей песняра шырока адзначаўся па ўсёй краіне, у тым ліку і ў нашым раёне. Цыкл мерапрыемстваў, напрыклад, прайшоў у бібліятэчных установах Бешанковіччыны.
Так, у цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя «Жыццёвыя і творчыя дарогі». Для жыхароў Улы работнікі сельскай бібліятэкі падрыхтавалі і правялі літаратурную віктарыну «Найлепшы знаўца казак», а ў Палітаддзельскай сельскай бібліятэцы прайшоў літаратурны партрэт «Жыве слова песняра».
Цікава і пазнавальна прайшло ў Вярхоўі завочнае падарожжа «Коласавымі сцежкамі». Кніжныя выставы да юбілею пісьменніка былі арганізаваны ў Задарожскай сельскай бібліятэцы — «Любімы, народны, векавечны» і ў Сокараве — «Коласавымі сцежкамі».
Безумоўна, усе мерапрыемствы, якія ладзіліся з нагоды юбілею беларускага класіка, паказалі ўсю глыбіню і самабытнасць беларускай культуры адлюстравалі хараство беларускай мовы, выказалі даніну павагі геніяльнаму творцу слова.
Алена МАРОЗАВА.