У сераду на асабісты прыём да старшыні раённага выканаўчага камітэта Галіны Унуковіч запісаліся 7 чалавек. Кола ўзнятых праблем, з якімі жыхары раёна звярнуліся да Галіны Уладзіміраўны, па сутнасці, звялося да дзвюх асноўных тэм — жыллёвай і звязанай з падтапленнем участкаў грунтавымі водамі.
Снегапады, затым рэзкае пацяпленне, дажджы… Негатыўныя наступствы непрадказальнага снежаньскага надвор’я ў поўнай меры адчула на сабе жыхарка вуліцы Валадарскага ў райцэнтры. У перыяд раставання снегу ў падвале яе дома ўтварыўся ў прамым сэнсе басейн. Жанчыне двойчы даводзілася звяртацца да работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, каб тыя дапамаглі ёй адпампаваць ваду.
У размове са старшынёй райвыканкама бешанкавічанка выказала меркаванне, што ва ўзнікненні яе праблемы збольшага вінаваты суседзі, маўляў, яны пры падвядзенні да дома водаправода не прадугледзелі моманты, звязаныя з адводам вады, у выніку апошняя сцякае на ўчастак заяўніцы, што і прыводзіць да падтаплення падвальнага памяшкання.
Каб разабрацца, ці так гэта, па даручэнні Галіны Уладзіміраўны Унуковіч на месца выехалі спецыялісты райвыканкама, камунальнай і санітарнай службаў, прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Пагутарыўшы з суседзямі, яны высветлілі, што грунтавыя воды дастаўляюць нямала клопатаў многім з іх. Некалькі дзесяцігоддзяў таму тут праходзіла меліярацыя зямель, пазней участкі былі адведзены для ўзвядзення прыватных дамоў. Магчыма, што пры ажыццяўленні будаўнічых работ, падвядзенні інжынерных сетак да жылых пабудоў магла парушыцца дрэнажная сістэма. Па просьбах людзей раней для адводу вады ўздоўж вуліцы пракапалі канал, гэта значна палепшыла сітуацыю, але не вырашыла яе канчаткова. Адталыя воды нагадваюць пра сябе перыядычна. А ўлічваючы цяперашнія ўмовы надвор’я (усе мы бачым, што адбывалася з рэкамі, яны літаральна выходзілі з берагоў), праблемы з падтапленнем участкаў, дзе ёсць пытанні з адводам грунтавых вод, пазбегнуць практычна немагчыма.
У дадзеным выпадку спецыялісты параілі жыхарам вуліцы прыняць дадатковыя меры, каб папярэдзіць затапленне падвалаў: усталяваць ліўнёўку на дахах, адмосткі вакол дамоў, як варыянт, можна пракласці ад участка да канавы дрэнажныя трубы. Што тычыцца сцвярджэння пацярпелай жыхаркі вуліцы наконт таго, што значная частка вады на яе ўчастак трапляе ад суседзяў, у гэтым зацікаўленыя службы будуць разбірацца пры больш «спрыяльным» надвор’і.
Амаль з такой жа праблемай да Галіны Унуковіч звярнуліся жыхары вуліц Полацкая і Высоцкага ў гарпасёлку. Гэтыя звароты таксама застаюцца на кантролі. Як і пытанні прадастаўлення жылля пагарэльцам з в. Дапаны Вярхоўскага сельсавета, пераразліку аплаты за камунальныя паслугі жыхарцы в. Стрыжава Бешанковіцкага сельсавета. Тлумачэнні па сваім пытанні атрымалі і жыхары вуліцы Сухвалы ў аг. Верхняе Крывіна, у якіх узніклі рознагалоссі з адміністрацыяй ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» наконт прыватызацыі жылых дамоў, што раней належалі гаспадарцы. У прычыне падтаплення падвала разбіраліся на месцы.
Святлана ВАРОШКА.