Close
Курс валют: $ 3.472 | € 3.614 | ₽100 3.3802 | 
 Погода в Бешенковичах: 3 °Cоблачно с прояснениями

Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях удасканалення кадравай палітыкі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях удасканалення работы з кадрамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да абмеркавання кадравай работы было запрошана шырокае кола прадстаўнікоў кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, урада і парламента, а таксама губернатары, міністры, памочнікі Прэзідэнта па абласцях.

Такі прадстаўнічы склад нарады, паводле слоў Прэзідэнта, абсалютна абгрунтаваны. «Важнейшае пытанне мы сёння абмяркуем — кадры. Як гаварыў класік, яны вырашаюць усё. Гэта сапраўды так. Як бы ні спрабавалі апошнім часам замусоліць гэтыя словы, гэта — ісціна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адразу абазначыў, што на нарадзе трэба будзе ўсебакова абмеркаваць работу з кадрамі і вызначыцца, у якім напрамку рухацца далей, якія ёсць недахопы.

Выбудавана стройная сістэма, але яе трэба ўдасканальваць

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі выбудавана стройная сістэма кіравання дзяржавай: эканомікай займаецца ўрад, ідэалогіяй, кадравымі пытаннямі, прававым кантролем і падрыхтоўкай нарматыўных актаў кіраўніка дзяржавы — Адміністрацыя Прэзідэнта, на губернатарах ляжаць усе гэтыя функцыі ў абласным разрэзе, у гарадах і раёнах — адпаведна.

«Адказныя вызначаны. Калі вы ў мяне спытаеце, ці задаволены я выбудаванай сістэмай функцыянавання кадраў, адразу скажу: не», — сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, гэта перш за ўсё адносіцца да работы Адміністрацыі Прэзідэнта, хоць кадравая палітыка, вядома, больш шырокая — яе ажыццяўляюць усе тыя, хто прысутнічае на нарадзе.

«Мы маем прававую базу і добры практычны вопыт. Але час не стаіць на месцы, таму трэба работу (з кадрамі. — Заўвага БЕЛТА) удасканальваць. Магчыма, і сістэму», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як замацаваць кадры на месцах

Удасканаленне кадравай работы — гэта складаная шматузроўневая задача, якая датычыцца не толькі вытворчай, але і сацыяльнай сферы. «Не адкрыю Амерыку, калі падкрэслю, што сітуацыя застаецца найбольш стабільнай у калектывах, дзе прымаюцца ўсе магчымыя меры для замацавання кадраў, у тым ліку маладых спецыялістаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы. У частцы замацавання кадраў трэба выкарыстоўваць як каласальны вопыт савецкага перыяду, так і тыя падыходы, якія выпрацаваны на сучасным этапе, упэўнены беларускі лідар.

«На жаль, у нас ёсць яшчэ і тыя, хто працуе па прынцыпе латання дзірак. Стварэннем прывабных сацыяльна-бытавых умоў ім займацца няма калі, размаўляць з калектывам яны не ўмеюць, а часам проста не хочуць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, асобныя кіраўнікі мясцовай улады не разумеюць усёй глыбіні пытання і бяздзейнічаюць. «Пры такім стаўленні нашы нават самыя амбіцыйныя эканамічныя планы застануцца на паперы, чаго дапусціць, вядома ж, я не магу. Аналізуючы сітуацыю, я яшчэ ў кастрычніку мінулага года засяродзіў увагу на гэтай праблеме і даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта і ўраду ўкараніць ад аблвыканкама да самага нізавога ўзроўню сістэму ўзгаднення кадравых перамяшчэнняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і пацікавіўся, як яна рэалізуецца на месцах, ці дастаткова прынятых мер і ці патрабуюцца дадатковыя.

«Паступова да кіраўнікоў мясцовых органаў і арганізацый прыходзіць разуменне, што запатрабаванне з іх за вынікі работы з кадрамі будзе толькі ўзрастаць. Але пакуль разваротлівасці яўна не хапае. Аблвыканкамы не працуюць як трэба, не кантралююць на належным узроўні дзейнасць раённых і гарадскіх выканкамаў. На месцах часта мы бачым шмат фармалізму, элементарную адсутнасць выканальніцкай дысцыпліны», — звярнуў увагу на недахопы кіраўнік дзяржавы.

Перасаджванне нядбайных кіраўнікоў з аднаго крэсла ў іншае падобна да карупцыі

Яшчэ адно пытанне для абмеркавання, якое абазначыў Аляксандр Лукашэнка, — перасаджванне, перамяшчэнне нядбайных начальнікаў з аднаго кіруючага крэсла ў іншае. Аб такіх фактах кіраўніка дзяржавы, паводле яго слоў, праінфармавала Адміністрацыя Прэзідэнта. «А дзе рашэнні вашы? — спытаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы кадравую работу ажыццяўляеце. Што вы мне ўсё пішаце: там дрэнна і там дрэнна? Вы мяне чарговы раз вымушаеце пра гэта гаварыць і меры прымаць. Дык уносьце прапановы!» — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што перасаджванне нядбайных кіраўнікоў, якія праваліліся, з аднаго крэсла ў іншае падобна да карупцыі.

Ён адзначыў, што яшчэ ў 2014 годзе Дэкрэтам нумар 5 была ўведзена забарона працаўладкавання на кіруючыя пасады асоб, звольненых раней па дыскрэдытуючых абставінах. Як далажылі Прэзідэнту, кантроль за гэтай работай наладжаны, хоць, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, у гэтай сферы яшчэ ёсць над чым працаваць. «Баюся, што калі я, як па ахове здароўя, прайдуся па гэтым пытанні, то, Ігар Пятровіч (Сергяенка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Заўвага БЕЛТА), пачынаючы з вас і заканчваючы іншымі, многія з партфелямі расстануцца», — заўважыў Прэзідэнт.

«Асобныя кіраўнікі пачынаюць ліберальнічаць пры расставанні з няўдалымі ўпраўленцамі, мякка кажучы. Дадумаліся падмяняць падставы іх звальнення. Дазваляюць гора-начальнікам як ні ў чым не бывала зноў «усплываць» на адказных участках работы. Хочуць здавацца добрымі для ўсіх», — прывёў прыклады Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што сістэма работы з кадрамі вызначана: ніхто не мае права без згоды Прэзідэнта назначыць каго-небудзь са звольненых начальнікаў на новую кіруючую пасаду. І кіраўнік дзяржавы такія рашэнні часам прымае. «Такіх выпадкаў было нямала. І нямала было ўзгоднена. Нібыта людзі працуюць нядрэнна. Але гэта трэба было вывучыць, каб даць ацэнку тым, хто хадайнічаў (у асноўным гэта губернатары)», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Гэта не дзяржаўны падыход, калі мы пачынаем займацца нейкім лібералізмам. Гэта кругавая парука. І адказнасць тут непасрэдная губернатараў і старшынь гар-, райвыканкамаў», — дадаў Прэзідэнт.

У мэтах узмацнення выканальніцкай дысцыпліны і адказнасці за работу з кадрамі кіраўнік дзяржавы ўжо ставіў пытанне аб неабходнасці замацавання дзеючага механізма на заканадаўчым узроўні. Такая прапанова паступіла з Адміністрацыі Прэзідэнта ў выглядзе праекта рашэння кіраўніка дзяржавы. «Сёння таксама яго абмяркуем, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Хацеў бы пачуць і іншыя рацыянальныя прапановы ад прысутных. Яны павінны датычацца таксама мер стымулюючага характару для прыцягнення і захавання кадравага патэнцыялу краіны».

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка на нарадзе адзначыў, што ў краіне дзейнічае шматузроўневая сістэма работы з кадрамі, якая ахоплівае практычна ўсе пытанні камплектавання дзяржаўных органаў і арганізацый. Паводле яго слоў, ёсць неабходная заканадаўчая аснова, якая рэгламентуе работу ўсіх суб’ектаў гэтай сферы адносін. Прынята 10 актаў кіраўніка дзяржавы, шэраг пастаноў урада, лакальных дакументаў міністэрстваў і выканкамаў.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым запатрабаваў: «Калі мы ўдасканальваем нешта, усякія акты ўрада па кадравых пытаннях трэба зняць, гэта не іх справа. Яны там няхай узгадняюць, мы ж без іх не прымаем нічога. Яны няхай уносяць хоць дзясятак кандыдатур вам. Вы аналізуеце, уносіце Прэзідэнту. Я да чаго гэта? Не таму, што не давяраю ўраду. Мы ўмеем любое пытанне размазаць па стале або па ўсёй краіне. Навошта? Ёсць орган, які займаецца кадравай палітыкай. Навошта ў развіццё рашэнняў Прэзідэнта яшчэ нейкія пастановы ўрада? Гэта наша бяда».

«Ніякіх адсылачных дакументаў, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Прынялі адзін нарматыўна-прававы акт. І каб чалавек разумеў: вось прынята рашэнне па кадрах, яно вычарпальнае. Ніякіх там адсылачных і даручэнняў».-

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top