Close
Курс валют: $ 3.472 | € 3.614 | ₽100 3.3802 | 
 Погода в Бешенковичах: 1 °Cпасмурно

Аляксандр Лукашэнка наведвае «Магілёўліфтмаш»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання», паведамляе БЕЛТА.

Прэзідэнту даложаць аб бягучай рабоце і перспектывах развіцця прадпрыемства, прадэманструюць узоры выпускаемай прадукцыі. Размова таксама пойдзе ў цэлым пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Магілёўскай вобласці і горада Магілёва.

Мінулы раз кіраўнік дзяржавы пабываў на гэтым прадпрыемстве 22 ліпеня 2016 года ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць. Тады ён адзначыў, што такія прадпрыемствы, як «Магілёўліфтмаш», неабходна актыўна развіваць. «Галоўны мой клопат, каб людзі былі заняты, але з адной толькі ўмовай: калі яны хочуць працаваць. Для жадаючых працаваць я гатовы рабіць усё, каб яны знайшлі сваё працоўнае месца. І такіх працоўных месцаў і ўмоў для іх стварэння сёння дастаткова», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У ліпені 2020 года Прэзідэнт узгадніў назначэнне новага генеральнага дырэктара «Магілёўліфтмаша». Ім стаў Сяргей Чарткоў, які да гэтага займаў пасаду намесніка гендырэктара па камерцыйных пытаннях. Цікава, што Аляксандр Лукашэнка добра ведаў бацьку цяперашняга гендырэктара — Валерыя Чарткова, які ў свой час узначальваў Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання («Магілёўтрансмаш») і быў прэзідэнтам Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. «Дастойны быў чалавек. Сапраўдны беларус. Вельмі хацелася б, каб і ў вас атрымалася работа», — даў наказ Аляксандр Лукашэнка новаму кіраўніку тры гады таму.

У цэлым прадпрыемства на слыху, а яго прадукцыя запатрабавана. Пра яе часта гавораць у тым ліку на сустрэчах кіраўніка дзяржавы з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў. Напрыклад, у красавіку бягучага года на перагаворах з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым кіраўнік дзяржавы прыгадаў аб рэалізацыі ў расійскай паўночнай сталіцы праграмы абнаўлення ліфтавага абсталявання і запэўніў, што «Магілёўліфтмаш» задаволіць запыты, нават нягледзячы на вялікую загрузку і колькасць заявак ад іншых пакупнікоў ліфтавага абсталявання.

Цяпер вытворчая праграма ААТ «Магілёўліфтмаш» налічвае каля 180 базавых мадэлей ліфтаў: пасажырскія, грузавыя, бальнічныя, катэджныя ліфты рознай грузападымальнасці. Акрамя ліфтаў выпускаюцца пад’ёмнікі для фізічна аслабленых асоб, эскалатары і травалатары, будаўнічыя пад’ёмнікі і здрабняльнікі драбналесся (мульчыроўшчыкі), а таксама спажывецкія тавары.

Як паведамлялася БЕЛТА 30 красавіка бягучага года са спасылкай на генеральнага дырэктара Сяргея Чарткова, на «Магілёўліфтмашы» рэалізуюцца тры інвестыцыйныя праекты.

«Па першым квартале ўсе ключавыя паказчыкі, закладзеныя бізнес-планам, выкананы. У мінулым годзе тэмп росту экспарту склаў 150 працэнтаў, па выніках першага квартала 2023 года — больш за 120 працэнтаў. Магу сказаць, што мы з упэўненасцю глядзім у будучыню», — падкрэсліў Сяргей Чарткоў.

Адзін з інвестпраектаў венчурны і рэалізуецца з дапамогай Беларускага інвестфонду. Ствараецца новая сучасная вытворчасць цягавых электрарухавікоў, якія прымяняюцца для тралейбусаў, электробусаў. Асноўныя спажыўцы — МАЗ, «БКМ Холдынг». Выраблены доследныя ўзоры электрычных рухавікоў з вадзяным ахалоджваннем для МАЗа.

Рыхтуецца новы вялікі праект на 2024-2026 гады па мадэрнізацыі і стварэнні вытворчасці ліфтаў на базе безрэдуктарнага прывода. Кіраўніцтва прадпрыемства ўпэўнена, што за гэтым таксама вялікія перспектывы і будучыня.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top