Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымае 4 ліпеня ўдзел у Савеце кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Мерапрыемства пройдзе ў рэжыме анлайн, паведамляе БЕЛТА.
У дадзены момант у ШАС старшынствуе Індыя. Яна ўпершыню прыняла старшынства ў верасні 2022 года. Тэма цяперашняга пасяджэння — «На шляху да бяспечнага ШАС» (Towards a SECURE SCO). Акронім SECURE быў прапанаваны прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі на саміце ШАС у 2018 годзе і азначае наступнае: Security (бяспека), Economy and trade (эканоміка і гандаль), Connectivity (узаемазвязанасць), Unity (адзінства), Respect for sovereignty and territorial integrity (павага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці) і Environment (навакольнае асяроддзе). Гэтыя тэмы сталі асноўным парадкам дня для індыйскага старшынства ў ШАС.
У перыяд свайго старшынства Індыя таксама надала імпульс такім напрамкам, як «Лічбавая інклюзіўнасць», «Пашырэнне правоў і магчымасцей моладзі» і «Агульная будысцкая спадчына».
Цяпер Беларусь ідзе па шляху набыцця статусу паўнапраўнага членства ў ШАС. На саміце ў Самаркандзе ў верасні мінулага года было прынятае рашэнне аб пачатку адпаведнай працэдуры. Беларускі бок разлічвае зрабіць гэта ў максімальна магчымыя сціслыя тэрміны.-