Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па актуальных пытаннях развіцця Віцебскай вобласці. Спектр тэм шырокі — ад ходу ўборачнай кампаніі і стану спраў у аграрна-прамысловым комплексе ў цэлым да падрыхтоўкі да маючага адбыцца ў 2024 годзе Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі і вытворчасці айчынных вакцын і лекавых прэпаратаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У ліку ўдзельнікаў нарады — старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Уладзімір Андрэйчанка, старшыня КДК Васіль Герасімаў, віцэ-прэм’ер Леанід Заяц, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Ермаловіч, старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, кіраўнік Мінсельгасхарча Сяргей Барташ, міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло, намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк, дырэктар РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Уладзімір Гарбуноў.
Пра ўборку ўраджаю і нарыхтоўку кармоў
«Адно з самых гарачых (пытанняў. — Заўвага БЕЛТА) — уборка ўраджаю і нарыхтоўка кармоў. Месяц таму на селектарнай нарадзе мы абмеркавалі ўсе вострыя моманты і прынялі неабходныя рашэнні і па ўборцы, і канкрэтна па абласцях, у тым ліку па Віцебскай. Разам з тым шэраг праблем захоўваецца: звыш трэці плошчаў пакуль не ўбраны ў Віцебскай вобласці, ураджайнасць збожжавых істотна меншая за мінулагоднюю, нарыхтоўка кармоў таксама ніжэйшая за ўзровень мінулага года», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што сапраўды ёсць аб’ектыўныя фактары ў выглядзе засухі, на якія можа спаслацца кіраўніцтва вобласці, але такая сітуацыя была не ўсюды: «Палову засушыла, палова — былі нармальныя пасевы. Трэба было кампенсаваць недабор ураджаю ў засушлівых раёнах добрым ураджаем, дапусцім, у заходніх раёнах».
Прэзідэнт папрасіў старшыню аблвыканкама далажыць аб папярэдніх выніках уборачнай кампаніі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што наперадзе яшчэ ўборка многіх іншых культур, уключаючы кукурузу, і за кошт гэтай культуры можна кампенсаваць недабор па каласавых збожжавых.
Пра важнейшы этап, які яшчэ наперадзе
«Мы павінны ацаніць работу аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны ў цэлым. І, калі Віцебшчына або іншыя раёны нашай краіны нечага недабралі збожжавымі каласавымі, рапсам, — у нас стаіць цудоўная кукуруза. Я папярэдзіў віцэ-прэм’ера і новага міністра сельскай гаспадаркі аб тым, што вельмі цяжкі і важны этап наперадзе — падрыхтавацца і ўбраць кукурузу. Асабліва на зерне. Выдатная як ніколі стаіць кукуруза, выдатны ўраджай. І я ўпэўнены, калі мы ўсё ўбяром, то мы яшчэ два мільёны тон можам атрымаць кукурузнага зерня», — заявіў беларускі лідар.
Аднак ён папярэдзіў, што проста гнацца за паказчыкамі па зборы зерня не варта, і трэба падыходзіць да пытання ўборкі кукурузы з улікам патрэбнасцей на месцах: «Убіраць кукурузу на зерне або на сілас, — гэта ваша справа. Не трэба гнацца дзеля таго, каб толькі вось атрымаць зерне. Калі сфарміраваўся добры пачатак, то і кукурузны сілас будзе вельмі добры. Асабліва для Віцебскай вобласці. Ды і для іншых таксама».
Пра сітуацыю ў АПК Віцебскай вобласці і праблемныя пытанні
Гаворачы непасрэдна аб сітуацыі ў АПК Віцебскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што больш як тры гады таму выдадзены ўказ нумар 70 — рэгіёну аказана важкая дзяржаўная падтрымка ў выглядзе расчысткі даўгоў, растэрміноўкі абавязацельстваў на 15 гадоў і іншае.
«Памятаеце нашу размову — строгую, мужчынскую. Вынікі работы віцебскага АПК мы разглядалі неаднаразова, у тым ліку на выязных нарадах. Цяперашні губернатар даваў запэўненні, што рост эфектыўнасці будзе забяспечаны. Зразумела, адступаць ужо няма куды ні Віцебскай вобласці, ні Магілёўскай, ні Гомельскай, як і іншым, — звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі. — Сёння мы бачым асобныя пазітыўныя зрухі: сельская гаспадарка вобласці ў цэлым паказвае дадатную дынаміку, растуць вытворчасць малака і ўдоі на карову (калі не будзе кармоў, то гэта дынаміка абваліцца). Гэтага недастаткова. Праблем у нас хапае».
Напрыклад, зніжаецца пагалоўе жывёлы, не хапае сыравіны, не загружаны магутнасці мясакамбінатаў. «Усяго толькі на трэць яны загружаны. Малочныя прадпрыемствы загружаны на 70 працэнтаў. Ёсць куды расці і ёсць дзе перапрацоўваць сыравіну — малако і мяса», — сказаў Прэзідэнт.
Ён таксама звярнуў увагу на слабую дысцыпліну разлікаў за пастаўленую сельскагаспадарчую прадукцыю. «Гэта недапушчальна! Калі ў прадпрыемства няма грошай разлічыцца з сялянамі — з бюджэту аддавайце. Самі без зарплаты сядзіце, але людзям вярніце грошы. Асабліва за пастаўленыя малако і мяса», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
«Самае сумнае, што ў тым ліку і з насельніцтвам не разлічваемся, ад якога паступаюць сістэматычныя скаргі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён папрасіў кіраўніка вобласці далажыць аб тым, у чым ён бачыць рэзервы і як плануецца завяршаць год.
Пра фішкі Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі
Адной з тэм нарады стала падрыхтоўка да правядзення летам 2024 года ў Віцебску XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
«Трэба максімальна сур’ёзна аднесціся да падрыхтоўкі. Ведаю, што прапанавана генеральная ідэя мерапрыемства — навука і інавацыі для эканамічнага развіцця саюза. Нам ёсць што прапанаваць партнёрам (поспех ТІБО-2023 сведчанне таго) і ёсць што пераняць у расійскіх калег з навукі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што маючы адбыцца Форум — гэта яшчэ адна пляцоўка для новых бізнес-ідэй: ад інавацыйных напрацовак да заключэння значных кантрактаў. «Трэба далажыць аб распрацаваных канцэпцыях, планах па арганізацыі і нашых фішках, якія мы гатовы прад’явіць народу. Можа, настаў час запрасіць да ўдзелу партнёраў і з іншых краін?» — прапанаваў ён.
Пра айчынную вакцыну і далейшыя планы
«Галоўнае пытанне, з якога мы пачнём нашу работу, — рэалізацыя важнейшага праекта: стварэнне айчыннай процівіруснай вакцыны ў «БелВітуніфарм». Гэта пытанне для нас важнае яшчэ і таму, што губернатар Віцебскай вобласці, спецыяліст у гэтай сферы, абяцаў мне падключыцца да гэтага пытання. На фінансаванне праекта грошы былі прадугледжаны ў бюджэце і інавацыйным фондзе. Згодна з планам будаўніцтва завода павінна завяршыцца ў бягучым годзе. Як мне дакладваюць, першы этап мінуў, доследная серыя вакцыны выпушчана», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Віцебскай вобласці ўжо асвоены тэхналогіі вытворчасці вакцын для жывёл — існуючы вопыт можна выкарыстоўваць пры стварэнні прэпаратаў для людзей.
«Напрацаваныя тут тэхналогіі мы зможам у далейшым шырока выкарыстоўваць для вытворчасці іншых вакцын і лекавых сродкаў», — асабліва падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт пацікавіўся якасцю атрыманага беларускага прэпарату, тым, наколькі ён дзейсны і ў які тэрмін можна будзе закрыць патрэбнасці краіны ў вакцыне. «Пакуль вакцынуем па сутнасці чужым прадуктам, — заўважыў ён. — Дарэчы, публічна папярэджваю Міністэрства аховы здароўя, што мы строга разбяромся з сістэмнымі выпадкамі прыпісак і безгаспадарчасці ў ходзе вакцынацыі насельніцтва, выяўленымі Камітэтам дзяржаўнага кантролю».
Кіраўнік дзяржавы таксама папрасіў далажыць, як праходзіць другі этап: «Тут трэба падумаць пра больш маштабныя планы і пашырэнне лінейкі прадукцыі, каб не абмяжоўвацца адной вакцынай. Як мяне інфармуюць, ёсць перспектыўная прапанова аб выпуску проціпухлінных прэпаратаў для лячэння захворванняў крыві. Вельмі важны напрамак. Як гэтыя планы ўвязаны з выкананнем майго даручэння аб стварэнні біятэхналагічнага кластара?»
Адказам на гэта пытанне стаў даклад старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна. Ён паведаміў аб тым, што была распрацавана і зацверджана Канцэпцыя нацыянальнай сістэмы забеспячэння біялагічнай бяспекі, вызначаны задачы па ўмацаванні міжгаліновага супрацоўніцтва і каардынацыі работы ўсіх службаў, якія маюць дачыненне да гэтага пытання. На базе рабочай міжведамаснай групы пры ўрадзе створаны сітуацыйны штаб, работу якога каардынуе Міністэрства аховы здароўя і савет пры Саўміне.-