Пытанні развіцця свінагадоўлі абмяркоўваюць 4 верасня на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у бліжэйшы час стан спраў у жывёлагадоўлі стане тэмай выязнога рэспубліканскага семінара-нарады. І сённяшняе мерапрыемства — адзін з першых крокаў па падрыхтоўцы гэтага выязнога семінара.
«Аднак з-за спецыфікі існуючых праблем у свінагадоўлі мы сёння асобна разгледзім сітуацыю ў гэтым важным напрамку АПК, які дае чвэрць ад агульнага аб’ёму вытворчасці мяса (у краіне. — Заўвага БЕЛТА), — сказаў Прэзідэнт. — Па выніках работы апошніх двух гадоў тут адзначаецца адмоўная дынаміка, што выклікае ў мяне (спадзяюся, і ва ўсіх у вас) вялікі неспакой. Гэта прывяло да таго, што пытанне давялося выносіць на самы высокі (прэзідэнцкі. — Заўвага БЕЛТА) ўзровень».
Характарызуючы існуючую сітуацыю, кіраўнік дзяржавы прывёў даныя статыстыкі. Так, вытворчасць (гадоўля) свіней за два гады знізілася амаль на 12 працэнтаў. Атрыманыя аб’ёмы да запланаваных у дзяржпраграме «Аграрны бізнес» на 2021-2025 гады нават не наблізіліся, а, хутчэй, наадварот. Скарачэнне вытворчасці назіраецца ва ўсіх абласцях, а на Гомельшчыне — наогул у два разы.
Пагалоўе свіней зменшылася больш як на 11 працэнтаў, або на 290 тыс. галоў. Найбольшае зніжэнне адзначаецца ў Гомельскай і Мінскай абласцях.
Падзеж свіней павялічыўся практычна ў кожным другім раёне краіны. Колькасць прыплоду парасят скарацілася на 8 працэнтаў.
«На фоне правальных мінулых гадоў у гэтым годзе ў цэлым па рэспубліцы зрухі ў аднаўленні пагалоўя і аб’ёмаў вытворчасці (гадоўлі) свіней можна абазначыць як нязначныя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Значыць, прырост ёсць, але гэта на ўзроўні арыфметычнай хібнасці».
Як дакладваюць Прэзідэнту, адпаведныя меры прымаюцца, аднак падзеж свіней па-ранейшаму расце ва ўсіх абласцях, акрамя Гродзенскай і Мінскай. Зменшылася колькасць парасят за кошт зніжэння прыплоду на Віцебшчыне і Міншчыне. Зніжаюцца паказчыкі эфектыўнасці, расце колькасць стратных арганізацый, якія займаюцца свінагадоўляй, акрэсліў праблемныя моманты Аляксандр Лукашэнка.
Прычыны існуючай сітуацыі знаходзяцца на паверхні. На іх і ўказаў кіраўнік дзяржавы — гэта грубыя парушэнні біялагічнай абароны комплексаў: недастатковая работа па барацьбе з грызунамі і птушкай, правядзенні дэзынфекцыі, забеспячэнні спецадзеннем. Адзначаюцца праблемы з улікам свіней, факты прыпісак і ўтойвання падзяжу.
У выніку патрабаванні Прэзідэнта аб аднаўленні пагалоўя свіней і аб’ёмаў вытворчасці свініны да ўзроўню 2012 года, пастаўленыя яшчэ ў 2014 годзе, не выкананы да гэтага часу.
«Давайце разбяромся, у чым прычына. Дзе парушаюцца тэхналогіі? Дзе не рэалізуюцца санітарныя мерапрыемствы? Дзе ўплывае праславуты чалавечы фактар?» — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў нарады.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што для выпраўлення сітуацыі патрабуюцца перш за ўсё захаванне элементарных мер тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, актывізацыя селекцыйна-племянной работы, удасканаленне рэцэптур камбікармоў. Да вырашэння праблемных пытанняў трэба далучыцца і беларускім вучоным.
«На тэрыторыі краіны працуе БНБК, якая можа зрабіць пад вашы патрэбнасці ўсё, што вы хочаце. Дамаўляйцеся і бярыце самыя лепшыя камбікармы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.-