Аб тым, як будзе выглядаць вёска будучыні, расказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Некалі ў савецкі час была добрая практыка — адрасы перадавога вопыту. Прыходзіць моладзь, яна хацела б бачыць, дзе лепш», — нагадаў кіраўнік дзяржавы, наведваючы аграгарадок Вішоў Бялыніцкага раёна.
Прэзідэнт адзначыў, што добраўпарадкаванне аграгарадкоў не выпадкова стала тэмай яго рабочай паездкі — «практычных заняткаў», як ён сказаў. У Беларусі іх амаль паўтары тысячы.
«Што граху таіць, насельніцтва сельскае ў будучым будзе жыць у аграгарадках, працэнтаў на 80-85. Астатняе насельніцтва будзе ў буйных вёсках», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Магчыма, сваё развіццё атрымаюць і некаторыя неперспектыўныя вёскі, але толькі калі будзе цікавасць з боку прыватных асоб.
«Але галоўнае — гэта аграгарадкі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Вось сёння хацелася б паглядзець, як будзе выглядаць вёска будучыні. Мы пішам там розныя кандыдацкія, доктарскія, дысертацыі — сорамна назву чытаць, не тое што глядзець на гэту дысертацыю. Давайце на гэтыя тэмы будзем нешта пісаць, распрацоўваць. Тым больш спецыялістаў у нас дастаткова, якія добра ведаюць, як было, як ёсць і як будзе, гэта значыць, цэлы пласт можна і трэба падняць для разважання і ўжо практыкі».
Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў ход сельгасработ у вобласці. Прылятаючы ў рэгіён, Прэзідэнт заўсёды дзеліцца ўбачаным з губернатарамі. «Не магу сказаць, што не працуеш. Работы ідуць. Але баюся, што ты спазняешся. Проста расслабіла нас надвор’е, а яно на наступным тыдні пачне пагаршацца. Трэба паскарацца. Як мінімум у два разы», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што цяпер найважнейшыя пытанні пры рабоце на зямлі — уборка кукурузы і сяўба азімых. Акрамя таго, трэба прыводзіць у парадак і добраўпарадкоўваць абводненыя землі.
У аграгарадку Вішоў Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу азнаёміўся з пілотным праектам па рамонце вулічна-дарожнай сеткі ў перспектыўных сельскіх населеных пунктах, у тым ліку з прымяненнем цэменту.