Клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Бараболя» быў створаны ў 2005-м і хутка адзначыць сваё 20-годдзе.
— Ля вытокаў яго стварэння, — расказвае кіраўнік аб’яднання, загадчык філіяла «Вярхоўскі сельскі Дом культуры» ДУК «Бешанковіцкі раённы цэнтр культуры» Наталля Асташонак, — стаялі ранейшыя дырэктар СДК Жанна Бурак і мастацкі кіраўнік Дома культуры Наталля Лісічонак. Мэтай стварэння аб’яднання стала захаванне народных, кулінарных традыцый беларусаў, арганізацыя вольнага часу жыхароў сельсавета, якія збіраюць і запісваюць старадаўнія гульні, абрады, звычаі, рэцэпты беларускай нацыянальнай кухні свайго рэгіёну, каб перадаць іх новым пакаленням.
І ў вярхоўцаў, трэба сказаць, гэта добра атрымліваецца. У цяперашні час клуб наведваюць 12 удзельніц рознага ўзросту, што не проста любяць гатаваць, але і ведаюць толк у гэтай справе, збіраюць рэцэпты нацыянальных страў, неабыякавыя да фальклору. Нягледзячы на занятасць (а спраў у вяскоўцаў, як вядома, круглы год безліч), жанчыны рэгулярна збіраюцца разам, шукаюць неабходны матэрыял да святаў беларускага народнага календара, абмяркоўваюць традыцыі, абрады, звычаі продкаў, успамінаюць, як гэта было ў пару іх дзяцінства, якія стравы гатавалі маці і бабулі. Вынік калектыўнай працы — багаты матэрыял, якім «Бараболя» шчодра дзеліцца з землякамі.
Прыказкі, прымаўкі, дыялектныя словы — усё старанна занатоўваецца і беражліва захоўваецца. Сёння ў Вярхоўі пры СДК дзякуючы дзейнасці клуба створана і працуе зала этнаграфіі і побыту, дзе можна на свае вочы ўбачыць даматканыя ручнікі, вышыванкі, рэчы, якімі раней карысталіся нашы продкі. І гэта калекцыя штогод папаўняецца. Летась, напрыклад, тут з’явіліся яшчэ два цікавыя даматканыя абрусы з вышыўкамі: адзін — на куфар, прызначэнне другога нават для членаў аб’яднання пакуль застаецца загадкай. Нездарма з 2013 года клуб носіць званне «народны» і нязменна раз у тры гады пацвярджае яго. Апошні — у снежні 2022-га.
У кулінарным арсенале вярхоўскіх гаспадынь дзясяткі ўнікальных рэцэптаў. Многія са страў, кажа Наталля Юр’еўна, на нашых кухнях ужо не гатуюць і наўрад ці будуць гатаваць. Як, напрыклад, «Саладуху» з жыта, калі збожжа трэба было намачыць, прарасціць, змалоць, зварыць у печы і прытаміць як кашу. Страва за кошт прарошчанага збожжа атрымліваецца салодкай на смак.
«Бульбішнік» на Вярхоўшчыне гатавалі з халоднай зваранай бульбы, якую таўклі ў ступе, каб яна стала як клейсцер, а затым начынялі часцей за ўсё капустай. Атрымлівалася выдатная страва для нішчымнага дня. На жаль, адыходзяць у гісторыю стравы з малозіва: сёння ўжо мала на якім двары (нават у вёсцы) трымаюць кароўку. Тыя, чыё дзяцінства прайшло ў сельскай мясцовасці, напэўна, яшчэ памятаюць смак малочнай заціркі, прыгатаванай клапатлівымі рукамі матулі. Папулярнымі ў гэтым рэгіёне ў свой час былі страва і закуска адначасова пад назвай «Качан параны»…
Члены народнага клуба беларускай нацыянальнай кухні, гульні і фальклору «Бараболя» — нязменныя ўдзельнікі раённых і многіх абласных мерапрыемстваў. Сёлета, напрыклад, на абласным свяце аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст», якое праходзіла ў Шаркаўшчынскім раёне і было прысвечана Году міру і стварэння, вярхоўцы занялі першае месца за «Беларусскую гасціннасць» і ўзнагароджаны дыпломам.
З дня заснавання клуба актыўны ўдзел у яго дзейнасці прымае Вольга Феакцістава, якая выдатна гатуе страву па рэцэпту сваёй бабулі пад назвай «Цымес» (гэта калі трэба зварыць фасолю (лепш белых гатункаў), патаўчы яе на пюрэ і заправіць смажанай на сланечнікавым алеі цыбуляй, упрыгожыць салёным агурком. Страва атрымліваецца нішчымнай, робіцца ў форме торта.
У ліку першых у «Бараболю» прыйшла таксама бібліятэкар Галіна Курмель. Шмат гадоў членамі клуба з’яўляюцца Валянціна Сянько, Валянціна Марціновіч, Алена Шчуко, Любоў Русіна і іншыя. Жанчыны з гатоўнасцю прымаюць удзел у мерапрыемствах рознага кшалту, якія праходзяць за межамі аграгарадка. Рэцэпты абмяркоўваюць усе разам. Меню залежыць ад сезону. Гатуюць, як правіла, кожная тое, што ў яе лепш за ўсё атрымліваецца: у кагосьці бліны, дранікі, піражкі, у кагосьці — сыр, смачнае салёнае сала ці нешта іншае.
Словам, галоднымі ад накрытых членамі клуба сталоў ніхто не адыходзіць. Кожны можа пакаштаваць як традыцыйныя стравы беларускай нацыянальнай кухні, так і разнасолы, характэрныя для Вярхоўшчыны.
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.
Калі хочаце паспрабаваць нешта аўтэнтычнае і вы, прыгатуйце гэта самі. Сёння клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Бараболя» ахвотна дзеліцца з чытачамі раённай газеты рэцэптамі, запісанымі ў розныя гады ў сваіх землякоў.
Ад Тамары Назараўны Шчукі, 1940 г. н., жыхаркі вёскі Шчукі.
Бульбяныя клёцкі
Абабраную ад лушпіння бульбу нацерці на тарцы, потым адкінуць на марлю і адціснуць. Вадкасць зліць, крухмал, які застаўся на дне, дадаць у бульбу, пасаліць і ўсё перамяшаць. Потым зрабіць невялічкія кругляшкі, адварыць іх у кіпені. Заправіць смажанай на алеі цыбуляй.
Малочныя бульбяныя клёцкі
Ачышчаную ад лушпіння бульбу нацерці на тарцы, потым адкінуць на марлю і адціснуць. Вадкасць зліць, крухмал, які застаўся на дне, дадаць у бульбу разам з яйкам, пасаліць і ўсё перамяшаць. Потым зрабіць невялічкія клёцкі, зварыць іх у кіпені, дадаць малако, закіпяціць, пасаліць па густу.
Ад Ніны Васільеўны Кульгавай, 1938 г. н., жыхаркі вёскі Драбушова.
Суп пярловы з сушанымі грыбамі
Сушаныя грыбы (найлепш, калі гэта будуць баравікі) замачыць у вадзе на 6-8 гадзін. Абабраную бульбу пакрышыць у чугунок, палажыць туды ж абабраную цыбуліну, усыпаць пярловай крупы і дробна пакрышаныя грыбы, пасаліць, паставіць у печ варыць.
Ад Марыі Міхайлаўны Бажок, 1952 г. н., жыхаркі вёскі Дапаны.
Цюпкі
Халодную ваду наліць у міску, пасаладзіць, пакрышыць чорны хлеб — страва гатова.
Талакно
Зерне аўса абдзерці ў ступе, правеіць. Абдзёртае зерне зварыць у печы ў падсоленай вадзе. Ужываць у гарачым выглядзе з алеем.
Ад Ніны Уллянаўны Мачыхі, 1948 г. н., жыхаркі вёскі Вярхоўе.
Качан параны
Качан капусты спарыць у печы ў салёнай вадзе. Дастаць, пакінуць у той пасудзіне і ў тым расоле, дзе ён парыўся. У ваду дадаць квашанай капусты альбо воцату, агурэчнага расолу, каб качан падкіс, і пакінуць у цёплым месцы на 12-24 гадзіны. Гатовы качан крышылі і ўжывалі ў ежу з цыбуляй, бульбай.
Пахлёбка бульбяная (дакладная назва стравы не захавалася)
Абабраную бульбу зварыць у падсоленай вадзе, потым бульбяны адвар зліць у талерку альбо міску, пакрышыць у яго часнок. Есці з адваранай бульбай.
Ад Валянціны Іванаўны Сянько, 1955 г. н., жыхаркі в. Вярхоўе.
Крухмальныя блінчыкі
Колькі яек, столькі лыжак крухмалу (колькі зачэрпніць лыжка), соль і цукар — па густу, 2-3 лыжкі расліннага масла, ванілін. Усё размяшаць, дадаць малако, цеста павінна быць вадкім. Муку не дабаўляць, выпякаць на гарачай патэльні з двух бакоў. Начынне для блінчыкаў: тварог са смятанай, ізюмам, бананам. У глыбокую патэльню альбо неглыбокую каструлю скласці начыненныя блінчыкі і пратушыць са сметанкавым маслам.