Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -2 °Cпеременная облачность

Краевед из Бешенкович Анатолий Крачковский отпраздновал 75-летний юбилей

6 красавіка 75-гадовы юбілей адзначыў наш калега Анатоль Вячаслававіч Крачкоўскі — вядомы на Бешанковіччыне краязнаўца, які на працягу многіх дзесяцігоддзяў па рэдкіх архіўных дакументах, пісьмах і гістарычных артыкулах скрупулёзна вывучае гісторыю раёна, доўгія гады прысвяціў справе ўвекавечання памяці воінаў, якія гераічна аддалі свае жыцці пры абароне і вызваленні тэрыторыі нашага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Работа па вывучэнні гісторыі прыдзвінскага краю спачатку захапіла, а затым стала справай усяго жыцця…

Пры непасрэдным удзеле Анатоля Вячаслававіча, напрыклад, былі выдадзены кніга «Памяць. Бешанковіцкі раён» у 1991 годзе і навукова-папулярная кніга «Нарысы Бешанковіцкага краю», выпуск якой быў прымеркаваны да 575-гадовага юбілею Бешанковіч. А таксама кнігі «Край наш наддзвінскі», «Светлы бешанковіцкі куток», «Змагаліся як ільвы» і іншыя.

Анатоль Вячаслававіч з’яўляецца аўтарам шматлікіх кніг па гісторыі Бешанковіччыны. Многія з іх, дзе сабраны ўнікальныя звесткі і факты пра нашых знакамітых землякоў, пра значныя падзеі мінулых гадоў, перададзены ў дар у фонды цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яны прыцягваюць увагу наведвальнікаў установы культуры, карысныя для людзей, у якіх ёсць жаданне глыбей пазнаць таямніцы гісторыі роднага краю.

Ураджэнец п. Стралкоўскія Докшыцкага раёна ў 1967 годзе скончыў 10 класаў Круляўшчызненскай сярэдняй школы, працаваў сезонным рабочым на торфабрыкетным заводзе «Віцебскі», вучнем слесара, слесарам-станочнікам у БМУ‑6 трэста «Белдзяржторфбуд». Пасля службы ў Савецкай Арміі скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна па спецыяльнасці «Беларуская і руская мова і літаратура». І ўжо маючы вышэйшую адукацыю, прыехаў у Шумілінскі раён.

Быў інструктарам арганізацыйнага аддзела, лектарам, выконваў абавязкі загадчыка сектара партыйнага ўліку Шумілінскага райкама КПБ. У рэдакцыі Шумілінскай раённай газеты «Герой працы» зрабіў першыя прафесійныя крокі на ніве журналістыкі, затым нядоўга настаўнічаў. А з 1980-га года яго жыццё непарыўна звязана з Бешанковіччынай. Веды і талент А. В. Крачкоўскага былі запатрабаваныя як у якасці карэспандэнта, загадчыка, рэдактара аграпрамысловага аддзела, загадчыка аддзела па асноўных напрамках дзейнасці, адказнага сакратара раённай газеты «Зара», так і навуковага супрацоўніка, дырэктара раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

Актыўнае грамадскае жыццё Анатоль Вячаслававіч вядзе і на заслужаным адпачынку. Старшыню Бешанковіцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў заўсёды можна ўбачыць на раённых мерапрыемствах, падчас сустрэч са школьнікамі: ветэранская арганізацыя з’яўляецца актыўным удзельнікам і ўсіх патрыятычных мерапрыемстваў.

За шматгадовую добрасумленную працу, актыўную жыццёвую пазіцыю, патрыятычнае выхаванне маладога пакалення і ў сувязі з 75-годдзем з дня нараджэння Анатоль Вячаслававіч Крачкоўскі ўзнагароджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта. Віншуем імянінніка са слаўным юбілеем і заслужанай узнагародай!

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top