Вясна дорыць па-сапраўднаму гарачыя дзянькі. Сельскія рупліўцы імкнуцца выкарыстаць іх з максімальнай карысцю — у раёне пачалася нарыхтоўка кармоў з траў першага ўкосу.
У канцы мінулага тыдня завіталі ў ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». Працаўнікі разумеюць, што пры правільнай арганізацыі працы ёсць магчымасць нарыхтаваць кармы добрай якасці і ў аптымальныя тэрміны, пакуль іх пажыўная каштоўнасць найбольш высокая. У гэтым і ёсць самы просты і самы галоўны сакрэт поспеху: ад якасці нарыхтаваных кармоў залежаць надоі і прывагі ў жывёлагадоўлі, а значыць, даходы гаспадаркі і зарплата работнікаў. Таму справу пачалі актыўна, стараюцца максімальна выкарыстаць час. Зараз дарагая кожная хвіліна.
На полі ля вёскі Малыя Галыні, дзе мы сустрэліся з наватарцамі, туды-сюды шпарка снавала тэхніка, трактары і «МАЗы», адвозячы жыта і свірэпіцу да месца назначэння. Частка траў ідзе на падкормку буйной рагатай жывёлы. На «КВК‑800» здрабняе зялёную масу Аляксей Міхайлавіч Курносаў. На дапамогу рупліўцу на гэтым тыдні выйшаў Аляксей Мікалаевіч Гарлан, таксама на «КВК-800». Трамбоўкай на «МТЗ‑3022» займаецца Аляксандр Аляксандравіч Спірыдзёнак. На адвозцы зялёнкі — Міхаіл Юльевіч Адамовіч на «МТЗ‑1221», Аляксандр Пятровіч Нізаўцоў на аўтамабілі «МАЗ‑555», Аляксандр Васільевіч Шыёнак на «МТЗ‑82». Каб справа ішла шпарчэй, да працаўнікоў, што адвозяць зялёную масу, далучацца іншыя, сярод якіх будзе Віктар Міхайлавіч Тырсаў і яго «МТЗ‑1523».
Па дадзеных на раніцу панядзелка, у гаспадарцы ўжо нарыхтавана 279 тон сіласу. Усяго наватарцам трэба назапасіць больш за 1000 тон сена, больш за 17 тысяч тон сенажу і больш за 22 тысячы тон сіласу (кукурузнага і з аднагадовых траў).
Марыя САНЬКО.