Набірае абароты корманарыхтоўчая кампанія. Паводле аператыўнай інфармацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, у раёне першым укосам скасілі 1655 га (29,4%).
Працаўнікі ўзялі добры старт, кожны з іх разумее: трывалая кармавая база — гэта вялікае малако і прывагі. У жывёлагадоўлі важны не толькі аб’ём травяных кармоў, але і іх пажыўная каштоўнасць, без якой немагчыма выйсці на добры ўзровень вытворчасці прадукцыі. На днях мы завіталі на палеткі СУП «Вядзерава». Расказваем, як ідуць справы ў вядзераўскіх рупліўцаў.
Штурвал «КВК‑800» — у надзейных руках Алега Чунаева і Сяргея Бутанава.
…Шумяць вядзераўскія травы, далёка чуецца рокат матораў, з дарогі відаць, як імчаць па полі трактары з прычэпамі, снуюць «МАЗы»… У вяскоўцаў настаў гарачы час. Травы першага ўкосу ідуць на корм жывёле і назапашваюцца ў траншэі. Па дадзеных на раніцу 6 чэрвеня, працаўнікі сельгаспрадпрыемства скасілі травы на плошчы 382 га, ці 43,2%, у тым ліку на корм жывёле — 111 га. Усяго першым укосам плануецца скасіць 884 га. Ураджайнасць складае 58,2 ц/га.
Косіць вядзераўскія травы Аляксандр Сіроткін.
Вядзераўцы нарыхтавалі 26 тон сена, ці 10,3% (запланавана — 252 т), сенажу — 180 т (з 8721 т). Згодна з планам, сіласу неабходна будзе назапасіць 8253 т. Каб забяспечыць рагулям сытную зімоўку, трэба стварыць значны запас кармоў — 28,71 ц карм. адз. на ўмоўную галаву. Працаўнікі ў СУП «Вядзерава» ўсе вопытныя, прывыклі працаваць сумленна, як вучылі бацькі-хлебаробы. Свой адбітак зрабілі і дзесяцігоддзі добрасумленнай працы на зямлі. Кожнага работніка гаспадаркі можна назваць універсалам: ці справу сейбіта выканаць, ці за штурвал збожжаўборачнага агракарабля сесці — ва ўсім яны сапраўдныя асы.
Адказная справа — здрабненне «зялёнкі» — даручана Алегу Чунаеву. На «КВК‑800» таксама шчыруе Сяргей Бутанаў. Адвозкай займаюцца Іван Мірановіч на «МТЗ‑1221» з «ПСТБ‑12», Ігар Быкоўскі, Дзмітрый Бачкароў (абодва — на «МАЗах») і Юрый Сіроткін на «МТЗ‑3022». Косяць травы Аляксандр Сіроткін і Віталь Гайдукоў. Зграбанне «зялёнкі» ў валкі, каб усю яе змог падняць кормаўборачны комплекс, — абавязак Аляксандра Гайдукова і Мікіты Грыцкевіча.
Адвозка зялёнай масы — задача Дзмітрыя Бачкарова і яго «МАЗа».
Каб работа кіпела і працавалася з радасцю, аграрыям забяспечана гарачае харчаванне. «Добра падсілкаваўшыся, працаваць весялей!» — жартуюць вяскоўцы. Абеды ім заказваюць у філіяле аблспажыўтаварыства і дастаўляюць адразу на поле. Настрой, падкрэсліваюць механізатары, у іх сонечны, як і ўсмешкі. Зараз горача ва ўсіх сэнсах слова: і ў надвор’і, і ў працы. Трэба паднапружыцца, бо важна не толькі колькасць нарыхтаваных кармоў, але і іх якасць. Шчыруюць аграрыі, кожную хвіліну шануюць. Поспехаў вам у гэтай нялёгкай, але важнай працы!
Марыя САНЬКО.