Бешенковичский район: 100 славных лет!

Актуально Общество

17 ліпеня Бешанковіцкі раён адзначае 100 гадоў з дня свайго ўтварэння. Менавіта ў гэты дзень век таму, у 1924 годзе, другая сесія ЦВК БССР прыняла пастанову «Аб адміністрацыйна-гаспадарчым дзяленні БССР». Адпаведна гэтаму дакументу былі ўтвораны: Бешанковіцкі раён у складзе Віцебскай акругі і Ульскі раён у складзе Полацкай акругі.

Бешанковіцкі раён, як сведчыць яго кніга ­«Памяць», у той час падзяляўся на 13 сельсаветаў: Бешанковіцкі (некаторы час ён называўся Ленінскі), Бачэйкаўскі, Бікложскі, Вярхоўскі, Ганкавіцкі, Каўлякоўскі, Макаравіцкі, Навікоўскі, Пяцігарскі, Пажарышчанскі, Свячанскі, Стрэлішчанскі і Чаркаскі. На 13 сельсаветаў быў падзелены і Ульскі раён, частка якога пазней увайшла ў склад Бешанковіцкага.

Фотаздымак з архіваў раённага гісторыка-краязнаўчага музея, зроблены 1 мая 1927 года. «Бешанковіцкая савецкая кузня».

У складзе Віцебскай акругі раён знаходзіўся да 26 ліпеня 1930 года. З 20 лютага 1938 года ён уключаны ў склад Віцебскай вобласці, а мястэчкі Бешанковічы і Ула набылі статус гарадскіх пасёлкаў.

Межы Бешанковіцкага раёна неаднаразова змяняліся. 15 лютага 1931 года да яго былі далучаны Астровенскі, Пліскі і Сініцкі сельсаветы, якія раней уваходзілі ў састаў ліквідаванага Віцебскага раёна, 8 ліпеня 1931 года – Ульскі і Хоцінскі сельсаветы ліквідаванага Ульскага раёна. 25 ліпеня 1931 года да Бешанковіцкага раёна далучаны Сокараўскі сельсавет Чашніцкага раёна і Усвейскі — Сіроцінскага.

9 верасня 1946 года Сокараўскі, Ульскі, Усвейскі, Хоцінскі сельсаветы былі перададзены Ульскаму раёну. 17 снежня 1956 г. да Бешанковіцкага раёна далучаны Сокараўскі і Фролкавіцкі сельсаветы зноў ліквідаванага Ульскага раёна. У 1962 годзе ў склад Бешанковіцкага раёна ўвайшлі 10 сельсаветаў ліквідаванага Чашніцкага раёна і Мікалаеўскі сельсавет скасаванага Шумілінскага раёна. Адначасова Астровенскі і Пліскі сельсаветы былі перададзены Віцебскаму раёну.

У 1965 годзе Чашніцкі раён быў адноўлены, а да Бешанковіцкага раёна зноў далучылі Астровенскі і Пліскі сельсаветы. У 1966-м Мікалаеўскі сельсавет перадалі Шумілінскаму раёну. Да 1985 года ў склад Бешанковіцкага раёна ўваходзілі населеныя пункты Каўлякоўскага сельсавета, размешчанага на правым беразе ракі Заходняя Дзвіна, якія адышлі да Шумілінскага раёна.

У дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці захоўваецца шэраг дакументаў, якія адлюстроўваюць вырашэнне арганізацыйных пытанняў утварэння Бешанковіцкага раёна. Напрыклад, пратакол №34 пасяджэння Бешанковіцкага валаснога Савета ад 14 жніўня 1924 года, дзе разглядалася пытанне аб прыёме ў створаны Бешанковіцкі раён населеных пунктаў, якія адыходзілі да яго, і аб арганізацыі сельсаветаў. 20 жніўня ў памяшканні Бешанковіцкага валаснога Савета адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта, які разгледзеў пытанне аб стварэнні райвыканкама і афармленні сельскіх Саветаў. А 26 жніўня адбылася 1-я раённая партканферэнцыя, на якой абралі бюро РК КП(б)Б. На работу ў райвыканкам і сельскія Саветы былі накіраваны, як правіла, партыйцы, а таксама дэмабілізаваныя чырвонаармейцы.

У 1923-1925 гадах аднавілі сваю работу Бешанковіцкі і Бачэйкаўскі цагельныя заводы. На працягу 1926-1927 гадоў на Бешанковіцкім цагельным заводзе былі пабудаваны новыя і значна пашыраны старыя сушыльныя збудаванні і печ для абпалу, што дазволіла падвоіць вытворчасць цэглы. Ішло істотнае рэканструяванне прамысловай арцелі «Чырвоны ваціннік», майстэрань кравецка-шапачнага кааператыву.

У сярэдзіне 1920-х гадоў ажыццёўлены шэраг мерапрыемстваў па ўздыме сельскай гаспадаркі: аказвалася дапамога бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам, эканамічна заахвочвалася ўзнікненне калектыўных гаспадарак. Так, за кошт абрэзкі зямель кулацкіх гаспадарак і дзяржаўнага зямельнага фонду да 1 кастрычніка 1927 года атрымалі дадаткова зямлю да сваіх надзелаў 67100 двароў беднякоў і сераднякоў: ім было прырэзана 265500 га зямлі. Сялянам прадстаўляліся льготы — крэдыты, будаўнічы лес, бясплатная пасьба жывёлы і іншае.

У 1925 годзе былі створаны саўгас «Бачэйкава», калгас «Нізгалава» ў вёсцы Двор Нізгалава, латышская арцель «Латніс-Земкапіс» у вёсцы Буй, арцелі «Працалюбства» і «Іванава». Паводле дадзеных Віцебскага акруговага зямельнага аддзела, з 1 кастрычніка 1928 года па 1 мая 1929-га ў раёне было створана 14 калгасаў.

2 сакавіка 1930 г. адбыўся першы з’езд калгаснікаў раёна, які прыняў рэзалюцыю «Аб рэканструкцыі сельскай гаспадаркі і чарговых задачах калгаснага будаўніцтва». Першай на шлях калектыўнай працы станавілася бедната, разлічваючы на лепшае жыццё і дапамогу краіны.

Паводле тытульнага спіса 1931 года, у раёне налічвалася 36 прадпрыемстваў, дзе працавалі 585 чалавек. Сельская гаспадарка спецыялізавалася на льно-малочным кірунку. У 1932 годзе адкрыты ўжо 56 прадпрыемстваў з колькасцю працуючых 766 чалавек. Асноўнымі прамысловымі прадпрыемствамі ў 1930-я гады былі электрастанцыя, арцель «Чырвоны смалакур», цагельны завод, абутковая, панчошная і іншыя арцелі ў Бешанковічах. У Уле, Храпавішчыне, Астроўне былі льнозаводы, у Уле – яшчэ і лесапільная арцель.

Спажыўкааперацыя раёна ў 30-я гады мінулага стагоддзя мела 15 сельпо з гандлёвай сеткай у 40 адзінак і лікам пайшчыкаў 16111 чалавек. Насельніцтва раёна складала 68508 чалавек.

У 1927 годзе на Бешанковіччыне працавалі 2 сямігодкі, 3 школы першай ступені, 21 школа малапісьменных, 13 пунктаў лікбезу, дзе вучыліся 4107 чалавек усіх узростаў. Па стане на 1 студзеня 1933 года адукацыйная сістэма раёна ўключала: 20 школ сялянскай моладзі з 5146 вучнямі і 140 настаўнікамі; 76 чатырохгодак з 6365 вучнямі і 140 настаўнікамі. 92% жыхароў у той час былі пісьменныя. За перадваенныя гады на Бешанковіччыне было пабудавана яшчэ 47 школ, дзе ў 1940-1941 гадах вучыліся 12577 чалавек. Былі адкрыты дзіцячыя садкі ў Бешанковічах, Бераснях і Паліцах. У Астроўне, Бешанковічах, Уле, Бачэйкаве і Слабодцы працавалі бальніцы, кожная з якіх мела сваю прысядзібную гаспадарку і коней. У раёне дзейнічалі 5 радзільных дамоў, 9 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, дзе працавалі 12 урачоў, 24 фельчары і больш за 40 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу. Выдавалася свая газета. Першы нумар «Сталінца» (зараз «Зара») убачыў свет 12 жніўня 1932 года. Спачатку раёнка выходзіла 9 разоў у месяц, а з кастрычніка 1932 года – 12 разоў.

Людзі працавалі, спадзяваліся на лепшае жыццё, але ўсе іх мары перакрэсліла ваенная навала…

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *