Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -2 °Cясно

ХХХІ День белорусской письменности: как и где пройдёт празднование

Дзень беларускага пісьменства з’яўляецца нацыянальным святам і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Яго канцэпцыя прадугледжвае паказ непарушнага адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй беларускага народа.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню свята праходзіла ў старажытным Полацку. Гэта было ў 1994 годзе. Затым сталіцамі свята станавіліся такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Несвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш, Гарадок.

У 2024 годзе ўжо 31-ы Дзень беларускага пісьменства пройдзе пад знакам важнейшых для Беларусі юбілейных дат — 80-годдзя вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва і 30-годдзя прыняцця Канстытуцыі. Яго сталіцай вызначаны горад Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Урачыстасці тут запланаваны на 31 жніўня і 1 верасня.

У рамках правядзення свята падрыхтавана насычаная культурная і дзелавая праграма. Сярод ключавых мерапрыемстваў — рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў». Экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў краіны і заканчвае працу ў сталіцы правядзення свята. А яшчэ Міжнародны круглы стол з удзелам замежных літаратараў, фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная гісторыі горада — сталіцы свята, займальныя віктарыны, квэсты, фестываль кнігі і прэсы… Акрамя таго, на розных гарадскіх пляцоўках увазе гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства будуць прадстаўлены экспазіцыі музеяў і бібліятэк, майстроў народнай творчасці, мастакоў і г. д.

Запланавана работа навукова-практычнай канферэнцыі «Івацэвіцкія чытанні», падрыхтаванай Міністэрствам інфармацыі і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. А таксама ўнікальныя сустрэчы з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Іванавічам Чаргінцом, народнай артысткай БССР Марыяй Георгіеўнай Захарэвіч і заслужаным дзеячам культуры БССР, народным артыстам Беларусі Эдуардам Сямёнавічам Ханком. Адбудзецца эксклюзіўны паказ дакументальнага фільма «Загадана жыць», прысвечанага Аляксею Пятровічу Чарткову — камандзіру 122-га партызанскага атрада, які дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі.

У дзень адкрыцця свята на галоўнай сцэне пройдзе цырымонія ўручэння «Нацыянальнай літаратурнай прэміі». Упершыню ў рамках Дня беларускага пісьменства арганізуюць кінатэатр пад адкрытым небам, а таксама пройдзе выстава кніг, якія атрымалі шырокае міжнароднае прызнанне. Спецыяльна да свята выдавецтвы Мінінфарма выпусцілі кнігі, прысвечаныя Івацэвіцкаму краю.

Асноўная ідэя Дня беларускага пісьменства — беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый, паказ іх узаемасувязі са славянскімі вытокамі і з сённяшнім днём, дэманстрацыя пастаяннага клопату дзяржавы пра духоўна-маральнае развіццё грамадства ў кантэксце падтрымкі кнігі і чытання, нацыянальнай літаратуры і кнігавыдання. Штогод на свята збіраюцца тысячы гасцей з усёй Беларусі і замежжа.

Падрыхтавала Святлана ВАРОШКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top