Close
Курс валют: $ 3.4007 | € 3.5895 | ₽100 3.3954 | 
 Погода в Бешенковичах: 1 °Cпасмурно

Жатва — 2024: в эти дни горячо на хлебной ниве ЗАО «АСБ-Агро Новатор»

Малады наватарскі камбайнер Аляксандр Драздоў.

Плывуць па полі магутныя агракараблі, вецер хвалюе збожжа, што чакае клапатлівай гаспадарскай рукі. Відовішча, сапраўды, прыцягальнае і рамантычнае. А яшчэ яно прыносіць у нашы сэрцы спакой: будзем з хлебам! Але, як і кожны год, хлеб гэты даецца няпроста і з’яўляецца вынікам вялікіх намаганняў аграрыяў, апошні пункт якіх — самы спякотны час жніва, якое ўжо набрала абароты, абмалачваюцца шырокія гектары. Жніво — гэта заўсёды экзамен для хлебаробаў. У калектыве ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» вытрымаць яго настроены паспяхова.

Кожны працаўнік разумее сваю значнасць. За штурваламі камбайнаў ­шчыруюць Віталь Долгі, Мікалай Мічтоў, Аляксандр Драздоў, Аляксандр Русанец, Аляксандр Міленка і Арцём Сінякоў.

Перавозіць збожжа, каб кожнае зернейка трапіла ў сховішча, не згубілася па дарозе, даверылі вадзіцелям Дзянісу Балотнікаву, Аляксандру Нізаўцову. Далей збожжа трапляе пад пільнае вока атрада машыністаў зернесушыльнага комплексу. Першая змена аператараў «ЗСК‑30Ш» — Павел Пушнёў і Ягор Мароз, другая — Вячаслаў Лагук і Антон Адамовіч.

Аператары зернесушыльнага комплексу Павел Пушнёў і Ягор Мароз.

У гаспадарцы свая сталоўка маецца. Абеды рупліўцам рыхтуюць Сняжана Казлова і Аксана Белая. Дастаўляць іх на поле дапамагае Алеся Васілевіч. І смачна паесці ёсць што, і смагу наталіць — прапануюць мінеральную ваду ці бярозавы сок. З клопатам да людзей — такі прынцып работы дасць добры вынік. Ёсць моцная, надзейная, вопытная каманда, што ў той жа час радуе і маладымі кадрамі, і пераемнасцю традыцый.

З добрым настроем працуюць рупліўцы. На іх баку — прафесіяналізм і спрытнасць, зладжаны тандэм вопыту і маладосці. Многія прысвяцілі сферы сельскай гаспадаркі жыццё, а ў кагосьці сённяшняе жніво — першае. Для Аляксандра Драздова, напрыклад, гэты ўборачны сезон — ужо пяты. «Малая радзіма — Будзілава, адвучыўся ў Гарадоцкім тэхнікуме, асвоіў некалькі спецыяльнасцяў (вадзіцель, трактарыст, слесар…) і адразу сюды, на працу, — расказвае Аляксандр Юр’евіч. — На зямлі працавалі бацькі. Трактарыстам быў тата, маці — цялятніца. З 15 гадоў я сам быў памочнікам камбайнера. Клопатаў заўсёды хапае. Тут, у Наватары, працуе і жонка, яна заатэхнік. Вясной і ўвосень задзейнічаны на сяўбе, летам — на ўборцы збожжавых…»

Рупліўцы ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» Віталь Долгі, Мікалай Мічтоў і Аляксандр Драздоў.

Жніво — гэта тысячы чалавечых лёсаў, тысячы жыццяў сапраўдных герояў, чые імёны хоць і не ззяюць на вокладках глянцавых часопісаў, і ў гонар іх не названы вуліцы і будынкі, але без чыіх працавітых рук немагчыма ўявіць наша сёння і заўтра, якое кожны жадае бачыць шчаслівым, мірным і з духмяным караваем на стале.

Дарэчы, наватарскія хлебаробы намалацілі 171 тону азімага ячменю і 66 тон — яравога, 576 тон азімай пшаніцы, 325 тон трыцікале. Убралі 574 га збожжавых і зернебабовых, што складае 39,2%, намалацілі 1138 т, сярэдняя ўраджайнасць культур — 19,8 ц/га. У цэлым жа аграрыі раёна ўбралі 4622 га збожжавых і зернебабовых, ці 48,2%, намалочана 12429 тон ураджайнасцю 26,9 ц/га.

Марыя САНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top