Close
Курс валют: $ 3.4007 | € 3.5895 | ₽100 3.3954 | 
 Погода в Бешенковичах: 1 °Cпасмурно

Библиотеки и их роль в современном обществе: интервью с директором Бешенковичской централизованной библиотечной системы Татьяной Курмель

Штогод 15 верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. Свята ўведзена ў 2001 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дата прымеркавана да дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — галоўнага кнігасховішча краіны.

Аб рабоце бібліятэк раёна і іх ролі ў сучасным грамадстве наша размова з дырэктарам дзяржаўнай установы культуры «Бешанковіцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Таццянай Курмель.

— Таццяна Міхайлаўна, што ўяўляе сабой Бешанковіцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма?

— Сёння яна аб’ядноўвае 11 бібліятэк, 10 з якіх размешчаны ў сельскай мясцовасці, у тым ліку 9 — у аграгарадках. Да таго ж з 2007 года пры аддзеле абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі працуе мабільная перасоўная сістэма абслугоўвання чытачоў аддаленых вёсак.

— Сучасная бібліятэка, якая яна?

— Сённяшні дзень патрабуе ад бібліятэк нестандартных рашэнняў, актыўнай пазіцыі і хуткай рэакцыі на ўсе змены. Таму сучасная бібліятэка — гэта паўнавартасны сацыякультурны цэнтр, які выконвае не толькі сваю традыцыйную функцыю, але і ажыццяўляе шэраг іншых: адукацыйную, культурную, сацыяльную і дасугавую. Нашы бібліятэкары шмат працуюць над стварэннем прывабнага вобраза, імкнуцца быць больш адкрытымі і даступнымі для карыстальнікаў. Мы ствараем умовы, спрыяльныя для змястоўнага правядзення вольнага часу і рэалізацыі творчага патэнцыялу жыхароў раёна.

— Якія формы работы дапамагаюць прыцягваць чытачоў?

— У апошнія гады ў рабоце бібліятэк з’явілася шмат новых нестандартных формаў дзейнасці, закліканых спрыяць папулярызацыі кнігі і чытання ў грамадстве. Некаторыя з іх ужо ўведзены ў практыку, іншыя чакаюць свайго прымянення. У бібліятэках зараз вельмі папулярныя інтэрактыўныя формы работы з чытачамі, бо дазваляюць актыўна выкарыстоўваць творчы патэнцыял удзельнікаў мерапрыемстваў, надаюць ім жывы, нефармальны характар, пашыраюць кругагляд людзей і актывізуюць пазнавальныя інтарэсы. Да такіх адносяцца квэст, пазнавальна-гульнявая праграма, літаратурная лаўка, гасцінны падворак, бліц-гульня, лялечны тэатр, тэатралізаванае прадстаўленне, дзень дублёра, літаратурны конкурс, чытацкі марафон і іншыя.

— Раскажыце, калі ласка, па якіх праграмах і праектах працуюць бібліятэкі нашага раёна?

— Праграмна-праектная дзейнасць бібліятэк дазваляе больш мэтанакіравана і арганізавана весці работу па розных напрамках. У нашай сетцы яна пачалася больш за 20 гадоў таму і з’яўляецца актуальнай па сённяшні дзень. З гадамі толькі ўдасканальваецца, напаўняецца новым сэнсам і зместам.

У бягучым годзе ў бібліятэках раёна рэалізуюцца 3 мэтавыя праграмы, 9 праграм летняга чытання і 15 праектаў. Так, у філіяле «Бачэйкаўская сельская бібліятэка імя Барыса Беляжэнкі» паспяхова працуе гісторыка-краязнаўчая праграма «Мой родны кут — мой клопат і лёс», разлічаная на шырокае кола чытачоў, якая складаецца з 3 раздзелаў: «Вяртанне да сваіх вытокаў», «Зямля пад белымі крыламі» і «Залацінкі народнай мудрасці».

Увагі заслугоўвае мэтавая праграма «Зялёная аптэка» філіяла «Палітаддзельская сельская бібліятэка». Яна заклікана інфармаваць насельніцтва аб літаратуры, якая дапаможа людзям вырашыць праблемы са здароўем, падказаць ім рэцэпты і народныя метады лячэння, расказаць пра лекавыя расліны, іх лячэбныя ўласцівасці, а галоўнае, навучыць весці здаровы лад жыцця. Палітаддзельскі бібліятэкар — пастаянны ­ўдзельнік раённых і абласных святаў, дзе ў сваёй «Краме траў» прадстаўляе лекавыя травы і фітачаі.

Работа з дзіцячым чытачом у цэнтральнай раённай бібліятэцы вядзецца па праграме «Чарадзейная скарбонка», накіраванай на папулярызацыю беларускай культуры, мовы і літаратуры. Бібліятэкарамі ЦРБ распрацаваны цыкл мерапрыемстваў па краязнаўстве, вывучэнні культуры, традыцый і побыту беларускага народа праз кнігу. Асаблівай увагі сярод праектаў, што рэалізуюцца ў нашых бібліятэках у бягучым годзе, заслугоўваюць гісторыка-краязнаўчы праект «Край, дзе пачынаецца Радзіма», прысвечаны 100-годдзю ўтварэння Бешанковіцкага раёна, і сацыяльны праект «Ветразь» цэнтральнай раённай бібліятэкі. Па выніку першага з іх плануецца выдаць зборнік вершаў паэтаў Бешанковіччыны, якія на працягу многіх гадоў друкаваліся ў перыядычных выданнях. Рыхтуецца таксама да выдання альбом «Мастакі Бешанковіцкага краю». Мэтай другога праекта, партнёрам якога стаў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Бешанковіцкага раёна, з’яўляецца садзейнічанне сацыяльнай рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі праз зносіны, кнігу і чытанне.

Праект летняга чытання «Вакол свету — за адно лета» рэалізаваны ў Сініцкай сельскай бібліятэцы, «Летнія чытанні — яркія прыгоды» — у Астровенскай, «Лета кніжнага колеру» — у Бачэйкаўскай. Бібліятэка ў Астроўне з мэтай арганізацыі вольнага часу людзей сталага ўзросту з улікам іх інтарэсаў і патрэб рэалізуе таксама і праект «Узрост мудрасці», бібліятэка ў Задарожжы — краязнаўчы праект «Памятаем мінулае — глядзім у будучыню», накіраваны на павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва аб падзеях, якія адбываліся на іх малой радзіме ў XX стагоддзі, пра людзей, якія аднаўлялі вёскі пасля вайны, развівалі сельскую гаспадарку.

Збіраецца ўся магчымая інфармацыя, якая паслужыць асновай для стварэння друкаванага выдання, дзе будуць сабраны ўспаміны мясцовых жыхароў.

— 17 верасня ў нашай краіне ­адзначаецца Дзень народнага ­адзінства. Што да гэтай даты падрыхтавалі бібліятэкары раёна?

— Напярэдадні Дня народнага адзінства ў бібліятэках нашай сістэмы праходзіць шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх хочацца адзначыць патрыятычны ўрок «Краіна мая — беларуская зямля», інфармацыйна-патрыятычную гадзіну «У адзінстве народа — сіла дзяржавы», гістарычны экскурс «Дзень, які нас аб’ядноўвае» і іншыя. У цэнтральнай раённай бібліятэцы рыхтуецца да афармлення выстава-прагляд «Адзіная Беларусь — магутная Беларусь»…

— Актыўны ўдзел калектыў будзе прымаць і ў святочных мерапрыемствах абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі — 2024»?

— Трэба адзначыць, што нашы бібліятэкары — актыўныя ўдзельнікі ўсіх раённых і абласных мерапрыемстваў. Падчас «Дажынак — 2024» бібліятэчныя пляцоўкі размесцяцца каля будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі і выставачнай залы «Мяшчанскі дом мястэчка Бешанковічы канца XIX — пачатку XX стагоддзя». Гасцям ­будуць прапанаваны выстава-продаж лекавых траў і дароў прыроды, беларускіх нацыянальных напояў, страў, сувенірнай прадукцыі. Парадуем гасцей Бешанковічаў дранікамі, чыпсамі, стравамі з бульбы. Удзельнікаў фестывалю пацешаць казачныя героі, цыганы, чакаюць многія іншыя сюрпрызы.

— Таццяна Міхайлаўна, пахваліцеся поспехамі ЦБС сёлета. Ведаю, яны ў вас ёсць…

— Канешне, ёсць. Дыпломам 1-й ступені ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама ў абласным этапе ХХХІІ рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За падтрымку і развіццё чытання» ўзнагароджаны філіял «Вярхоўская сельская бібліятэка» (бібліятэкар — Галіна Мікалаеўна Курмель). На рэспубліканскім этапе мы занялі пачэснае другое месца.

Удзел у гэтым годзе прымалі таксама ў міжнародных мерапрыемствах. У тым ліку ў расійска-беларускай выставе дзіцячых малюнкаў «Вялікія вачыма маленькіх» і ў міжнародным сеткавым анлайн-праекце «Лепшыя казачнікі свету. Шарль Перо: віртуальнае падарожжа па казках», якія праводзілі Пскоўская абласная ўніверсальная навуковая бібліятэка імя Валянціна Курбатава Расійскай Федэрацыі і Віцебская абласная бібліятэка імя Леніна. Бешанковіцкую цэнтральную раённую бібліятэку ў анлайн-праекце прадставілі чытачы Вераніка Капойка, студэнтка Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава (яна прачытала казку «Чырвоная Шапачка» на англійскай мове), і навучэнец СШ №2 г.  п. Бешанковічы імя М. М. Ткачэнкі Уладзіслаў Гаралевіч. Абодва ­ўзнагароджаны дыпломамі.

Бібліятэкі не спыняюцца на дасягнутым. Рыхтуюцца ўсё новыя і новыя мерапрыемствы, удзел у новых конкурсах і праектах.

— Прызнанне заслуг — камандная работа ўсяго калектыву: творчых, ініцыятыўных, адданых справе людзей…

— Любоў да кнігі прыходзіць да чалавека не выпадкова: у гэтым вялікая заслуга адданых справе работнікаў бібліятэк. Яны ажыццяўляюць сувязь часоў, захоўваюць народную мудрасць. Дзякуючы ім кніга застаецца надзейным, верным сябрам. Многія з нашых работнікаў аддалі галіне большую частку свайго жыцця. Для многіх бібліятэка стала першым і адзіным месцам працы, куды кожны ўнёс свой каштоўны ўклад. Нам сапраўды нямала ўдалося зрабіць дзякуючы зладжанай каманднай працы. Поспехі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы — гэта заслуга ўсяго калектыву. І толькі дзякуючы нашай згуртаванасці, гатоўнасці падтрымліваць адзін аднаго, дапамагаць.

— У вас ёсць магчымасць павіншаваць калег, чытачоў, ветэранаў бібліятэчнай справы са святам. Што хацелася б пажадаць?

— Жадаю ад душы ўсім моцнага здароўя, асабістага шчасця і дабрабыту, дабра і міру, пазітыўнага стаўлення да жыцця, светлага, святочнага настрою, прафесійных поспехаў! А самае галоўнае — росквіту нашым бібліятэкам і адданых чытачоў! Няхай іх будзе больш, няхай яны радуюць нас сваімі ведамі і добрым стаўленнем да кнігі і бібліятэк! І дзякуй вялікі ўсім за працу!

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top