Стобальников по ЦЭ учат в СШ №2 г.п. Бешенковичи

В трудовых коллективах Общество

Лепшая ўзнагарода настаўніку — поспехі яго вучняў! Такога меркавання прытрымліваюцца педагогі СШ №2 г. п. Бешанковічы імя М. М. Ткачэнкі Таццяна Аляксандраўна Шчука і Ірына Васільеўна Голубева.
Вось ужо два гады запар беларускія выпускнікі здаюць цэнтралізаваны экзамен. Вучні СШ №2 робяць гэта даволі паспяхова. У мінулым навучальным годзе, напрыклад, установа адукацыі заняла 7-е месца ў вобласці па выніках здачы ЦЭ, апярэдзіўшы нават гімназіі горада Віцебска. І ў гэтым вялікая заслуга Таццяны Аляксандраўны і Ірыны Васільеўны, чые вучні годна справіліся з іспытамі, а выпускніца Марына Хвалюта набрала 100 балаў адразу па двух прадметах — па беларускай мове і хіміі. Вось яна — узнагарода для настаўнікаў!

Дарэчы, для настаўніка беларускай мовы і літаратуры Таццяны Аляксандраўны Шчукі гэта ўжо другі стобальны вынік яе выхаванцаў. Пазалетась яго прадэманстраваў Стас Вонсік. Педагог сціпла адзначае, што поспех яе вучняў шмат у чым залежыць ад іх саміх. «Усе хлопцы і дзяўчаты, якія ў мінулым навучальным годзе выбралі мой прадмет для здачы цэнтралізаванага экзамену, вельмі здольныя і мэтанакіраваныя, — кажа Таццяна Аляксандраўна. — 90, 92, 96 — і такія балы былі. Вядома, старалася даць ім «добрую базу», усе намаганні накіроўвала на паглыбленае вывучэнне тэм, якія найбольш часта сустракаліся ў мінулых экзаменацыйных заданнях. А ў цэлым, хачу адзначыць: тое, што наша школа адна з лепшых у вобласці па здачы вучнямі ЦЭ — гэта вынік працы згуртаванага калектыву: навучэнцаў, настаўнікаў і, вядома, бацькоў».

Ганарыцца сваімі вучнямі і настаўнік хіміі Ірына Васільеўна Голубева. Хоць хімія даволі складаны прадмет, старшакласнікі другой школы ўсё больш аддаюць перавагу менавіта яму. Вось і Марына Хвалюта, якая набрала найвышэйшую колькасць балаў на ЦЭ, паступіла на хімфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Там жа вучылася і Ірына Васільеўна. «Наогул нам вельмі пашанцавала з класам, — адзначае педагог. — Дзеці першапачаткова былі вельмі моцнымі і матываванымі. Не дзіўна, што ўсе яны паступілі на бюджэт».

Кожны з нас выбірае жыццёвую дарогу сам. Выбар прафесіі для нашых суразмоўніц быў больш чым усвядомленым. Ірына Васільеўна, напрыклад, упершыню пазнаёміўшыся з хіміяй за школьнай партай, шчыра палюбіла гэты прадмет. Шмат у чым дзякуючы свайму настаўніку Тамары Мікалаеўне Кагалёнак. «Прафесія настаўніка цяжкая, — кажа Ірына Васільеўна. — Многія атрымліваюць педагагічную адукацыю, але не кожны становіцца настаўнікам. У большай ступені таму, што вучыць дзяцей — гэта вялікая адказнасць. На жаль, наша моладзь не заўсёды хоча браць яе на сябе, стараецца шукаць больш лёгкія шляхі…»

На выбар прафесіі Таццяны Аляксандраўны Шчукі таксама паўплывала яе настаўнік — Ала Генадзьеўна Арлова. Калі прыйшоў час паступаць у Полацкі педагагічны каледж (пазней вучылася завочна ў ВДУ імя П. М. Машэрава), прыслухалася і да парады роднай цёткі Любові Іллінічны — спыніцца менавіта на беларускай мове і літаратуры. І зараз Таццяна Аляксандраўна шчыра ім удзячная, што тады дапамаглі ёй знайсці сваё месца ў жыцці. Да таго ж, яна з самага дзяцінства была зачараваная гучаннем жывой беларускай мовы…

Нягледзячы на сур’ёзны стаж прафесійнай дзейнасці, Таццяна Аляксандраўна і Ірына Васільеўна пастаянна вучацца і ўдасканальваюцца, ­прымаюць удзел у алімпійскім руху, разнастайных конкурсах і канферэнцыях, абедзве з’яўляюцца кіраўнікамі раённых метадычных аб’яднанняў па сваіх прадметах і шчодра дзеляцца вопытам з маладымі спецыялістамі. У нашых гераінь ёсць усё, што павінна быць уласціва сапраўднаму педагогу: талент, душэўная цеплыня, розум, чуласць, цярпенне і невычэрпная энергія, якой хапае на тое, каб гарэць самім і запальваць іншых.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *