Адкрыты Кубак раёна па валейболе сярод прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва прайшоў на базе ФСК «Дзвіна». Ролю спонсара спаборніцтва на сябе ўзяла раённая арганізацыя РГА «Белая Русь».
Адкрыты – значыць арганізаваны ў імя дружбы з тымі, хто выйдзе на пляцоўку, дзе ўсе: і прафесійны гулец, і аматар, што заседзеўся ў заўзятарах, нягледзячы на род дзейнасці і пасады, становяцца роўнымі, бо іх аб’яднойвае адзіная мэта. Мерапрыемства атрымалася даволі масавым, ды і гледачоў сабралася нямала. Удзел у турніры прынялі сем каманд: спартсмены аграгарадкоў Бачэйкава, Будзілава і Астроўна, УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік», РАНС, ДЮСШ, а таксама зборная каманда бешанковіцкіх аматараў спорту «Зорка».
Увесь дзень вялася спартыўная «бітва». Валейбалісты стаміліся, а інтрыга, хто стане лепшай камандай, захоўвалася да самага канца, тады ж і барацьба стала асабліва гарачай і ўпартай. Напружанне на пляцоўцы служыла дэтанатарам для груп падтрымкі. Амаль роўны лік, невялікі адрыў – і ў гледачоў зацеплілася надзея: а ну як адолеем? Калі распачаўся выніковы матч, здавалася, што ад іх воклічаў вось-вось падымецца дах спарткомплексу.
З неверагоднай упартасцю і сілай волі змагаліся камунальнікі і прадстаўнікі зорнай каманды, таму не дзіва, што менавіта яны заваявалі золата і серабро турніру. Бронзу ўзяў РАНС. Лепшым гульцом быў прызнаны, прычым аднагалосна, Уладзімір Яцук з УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік». Калі радасць перамогі крыху астыла, каманды сабраліся на памятную фотасесію. Калі-небудзь потым, праз гады, гэтыя фотаздымкі нагадаюць ім самыя вострыя моманты барацьбы, і жыццё зноў зайграе яркімі фарбамі.
Марыя САНЬКО.