Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -1 °Cнебольшая облачность

Аграрии Бешенковичского района обсудили вопросы летне-пастбищного содержания КРС

     Вельмі адказны перыяд – сезон “вялікага малака” – пачаўся ў жывёлаводаў. Кожнаму з іх вядома, што атрымаць жаданыя высокія надоі магчыма толькі пры ўмове, калі ўвесь тэхналагічны працэс арганізаваны правільна. Гэтую надзённую тэму кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў абмяркоўвалі падчас выязнога семінара-нарады, што прайшоў на базе КСВУП “ДраздыАгра” ў мінулую пятніцу. Удзел у мерапрыемстве прыняў старшыня райвыканкама А. А. Булаўкін.

     Свае “зімовыя кватэры” сёлета пакінулі 24 гурты кароў і 16 гуртоў цялушак. Нягледзячы на тое, што летне-пашавае ўтрыманне жывёлы толькі пачалося, аграрыі ўжо думаюць і пра будучую зімоўку. Удзельнікі мерапрыемства наведалі МТФ “Дразды”, на прыкладзе якой разгледзелі працэс падрыхтоўкі жывёлагадоўчых памяшканняў да зімы.

     – Наша задача – пачаць ачыстку памяшканняў ужо зараз, – патрабаваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч. –Наступны этап – дэзынфекцыя і толькі пасля яе трэба брацца за пабелку. Пакуль буронкі на пашы, самы час скласці каштарыс і пачаць рамонт. Да першага верасня ўсе памяшканні павінны быць гатовы.

     Акрамя таго, Сяргей Генадзьевіч звярнуў увагу кіраўнікоў гаспадарак на неабходнасць навесці і пастаянна падтрымліваць парадак як на саміх вытворчых аб’ектах, так і на прылеглых да іх тэрыторыях.

     Надыходзіць перыяд масавых расцёлаў. Толькі ў гэтым месяцы чакаецца 800 галоў прыплоду, таму кіраўнікі і спецыялісты разгледзелі і асноўныя моманты тэхналогіі падрыхтоўкі плёначнікаў, дзе будуць утрымлівацца нованароджаныя цяляты. Галоўны ветэрынарны ўрач раёна С. А. Косцюшаў зрабіў акцэнт на тым, каб вокны ў прафілакторыях былі адчынены і на іх абавязкова меліся маскітныя сеткі.

     Паступова нарада перамясцілася на адну з сянажных траншэй КСВУП “ДраздыАгра”. Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама А. В. Баранок акцэнтаваў увагу сельгасвытворцаў на асаблівасцях іх падрыхтоўкі, бо не за гарамі час, калі трэба будзе пачынаць нарыхтоўку кармоў. Працэс падрыхтоўкі тут, па сутнасці, такі ж самы: ачыстка – дэзынфекцыя – рамонт і пабелка.

    У сваім выступленні А. А. Булаўкін адзначыў, каб дырэктары сельгаспрадпрыемстваў акрамя рамонту планавалі яшчэ рэканструкцыю і будаўніцтва новых траншэй.

     У полі зроку ўдзельнікаў семінара былі таксама пытанні летне-пашавага ўтрымання.

     – Крыніца даходу – прадукцыя жывёлагадоўлі, таму ўсе сілы – на  правільную арганізацыю кругласутачнага выпасу, толькі яна дасць магчымасць ужо ў бліжэйшы час атрымаць прыбаўку ў вытворчасці малака, – яшчэ раз падкрэсліў Андрэй Анатольвіч.

     Размову ўдзельнікі мерапрыемства працягнулі на полі, дзе размясціўся гурт на 265 галоў (167 з іх – дойны статак). За рагулямі тут замацаваны чатыры даяркі. На полі размаўлялі нядоўга і па сутнасці, абмеркавалі ўсе арганізацыйныя пытанні: ад даення, забеспячэння вадой і соллю жывёл да наяўнасці сродкаў дэзынфекцыі, выкарыстання загоннай формы выпасу, распарадку дня (каб у пачатку летняга перыяду абавязкова захоўвалі трохразовае даенне), афармленне дакументацыі і іншыя нюансы, у тым ліку догляд за пашамі. Асобна спыніліся на забеспячэнні належных умоў працы і строгім захаванні патрабаванняў правілаў тэхнікі бяспекі. Вызначылі ўраджайнасць пашы (тут яна дзесьці 130 ц/га).

     Абмеркаванне пытанняў яшчэ раз пацвердзіла, што дробязяў у справе вытворчасці прадукцыі быць не можа. Асаблівасці летне-пашавага ўтрымання і пачатак працэсу корманарыхтоўкі будуць разгледжаны і падчас наступнага семінара, правесці які прапанавалі на базе ААТ “Бешанковічы аграсэрвіс”.

scroll to top