У нядзелю бешанковіцкія меліяратары адзначылі сваё прафесійнае свята – Дзень меліяратара. Напярэдадні гэтай даты ў Бачэйкаўскім СДК адбыўся ўрачысты сход, удзел у якім прыняла старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч.
Свята стала добрай нагодай, каб у чарговы раз падвесці вынікі працы калектыву. Дырэктар КУП «Бешанковіцкае ПМС» С. А. Шчупячонак пазнаёміў прысутных з гісторыяй развіцця прадпрыемства, расказаў, чым жыве яно зараз, на якіх аб’ектах працуюць меліяратары ў бягучым годзе. Сяргей Анатольевіч таксама падкрэсліў, што ў планах – набыць новую тэхніку.
Бешанковіцкае ПМС узяло правільны кірунак. Яно стабільна развівалася заўсёды (хоць, безумоўна, былі і пэўныя цяжкасці, напрыклад, недастатковасць фінансавання) і сёння моцна стаіць на нагах. У той час як многія мелірацыйныя прадпрыемствы перасталі існаваць. ПМС захавала меліярацыйны профіль дзейнасці, аднак выконвае і дадатковыя віды работ (будаўніцтва, рамонт дарог і інш.). Дарэчы, ад іх 50% выручкі. Несумненна, развіццё – заслуга добрасумленных і адказных працаўнікоў, што шчыра перажываюць за агульную справу. Менавіта на іх плячах трымаецца дабрабыт прадпрыемства, ад іх працоўнага энтузіязму залежаць сённяшнія і будучыя поспехі. На ўрачыстым сходзе ўзнагароды знайшлі сваіх герояў: за высокія вытворчыя поспехі і самаадданую працу лепшых работнікаў адзначылі Ганаровымі граматамі і Падзякамі. Узгадалі і ветэранаў. Цёплых слоў заслугоўваў кожны з іх, бо ўсё сваё жыццё яны прысвяцілі пачэснай прафесіі меліяратара.
Г. У. Унуковіч звярнула ўвагу на неабходнасць аднаўлення і падтрымання меліяраваных зямель (а гэта каля 60% сельгасугоддзяў раёна), падзякавала працаўнікам за дысцыпліну на прадпрыемстве і выкананне сваіх абавязкаў.
– Я рада, што ў нашым раёне ёсць такое прадпрыемства і яно развіваецца. Ваша праца – апора аграрыяў у атрыманні высокіх ураджаяў. Здароўя вам, дабрабыту, аптымізму, каб родныя заўсёды радавалі, а настрой быў працоўны! – павіншавала меліяратараў са святам Галіна Уладзіміраўна, уручаючы героям дня пачэсныя ўзнагароды.
Да віншаванняў далучыліся першы намеснік старшыні райвыканкама С. Г. Акуневіч, старшыня сельвыканкама Г. В. Шчука, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешка. Бадзёры настрой віноўнікаў урачыстасці падтрымалі і ўдзельнікі народнага калектыву «Крыніца» Бачэйкаўскага СДК.
Трэба адзначыць, прысутныя не толькі абмеркавалі стан спраў і планы прадпрыемства. У ліку тэм была таксама і эпідсітуацыя ў раёне. Хоць яна стабільная, аднак Г. У. Унуковіч заклікала працаўнікоў вельмі ўважліва ставіцца да свайго здароў’я, берагчы сябе і блізкіх, бо галоўны капітал – гэта людзі, а разам усе цяжкасці можна пераадолець.
Марыя САНЬКО.