У мінулую пятніцу напярэдадні свайго прафесійнага свята медыкі раёна прымалі шчырыя віншаванні і заслужаныя ўзнагароды. У гэты дзень яны былі на службе, але мелі магчымасць адпачыць душой…
З прафесійным святам віноўнікаў урачыстасці павіншавала старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч. Галіна Уладзіміраўна ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў падзякавала калектыву цэнтральнай раённай бальніцы за самаадданую працу ў няпростых умовах і ўручыла медыкам сертыфікат на суму 650 рублёў. На іх установа аховы здароўя зможа набыць халадзільнік для захавання вакцын. Кіраўнік раёна пажадала ўсім прысутным здароўя, натхнення ў працы, поспехаў, новых сіл і простага чалавечага шчасця. Да віншаванняў далучыліся намеснік старшыні райвыканкама Г. А. Філіпенка і галоўны ўрач ЦРБ С. А. Рошчына.
Добрага здароўя, сямейнага дабрабыту, міру і дабрыні… Падчас канцэрта, падрыхтаванага культработнікамі, словы бясконцай удзячнасці за прафесіяналізм, вернасць справе, гатоўнасць у любы момант прыйсці на дапамогу гучалі ў кожным музычным выступленні. Шчыра, ад душы. Дзякуй за штодзённы подзвіг у імя здароўя… Дзякуй за выратаванае жыццё… За магчымасць спяваць…
Самы ўрачысты момант – гэта, несумненна, уручэнне ўзнагарод. Ганаровыя граматы, Падзякі… Медыкі іх заслужылі! Словамі не перадаць усяго, што адчувае сэрца: гонар, бо ёсць у нас такія людзі, што не лічацца з асабістым часам і выходзяць на перадавую барацьбы за нашы жыцці; радасць, бо нікому не адмовяць у дапамозе, выслухаюць і падбадзёраць… А як ім было прыемна ўбачыць шчаслівыя вочы і ўсмешкі былых пацыентаў!..
Не забылі ў гэты дзень і ветэранаў аховы здароўя, што з года ў год працавалі поплеч, а нядаўна выйшлі на заслужаны адпачынак. Гэта М. І. Кузняцова, А. М. Конюхаў, Р. В. Дыбко, В. М. Шарэнда, Н. І. Шавель, Т. В. Баравая, Л. Б. Арлоўская, М. А. Арлоўскі, Н. Л. Кунахавец, Р. У. Аксёнава, Р. У. Піліпёнак…
Мінаюць стагоддзі, а высакародная справа медыкаў не губляе сваёй важнасці. Усё вышэй прафесіяналізм, новыя тэхналогіі, навуковыя методыкі – медыцына ўпэўнена крочыць наперад. Мужнасці вам, дарагія медыкі, на гэтым нялёгкім шляху!
Марыя САНЬКО.