Шмат гадоў назад бязвусымі юнакамі родныя і блізкія праводзілі іх на службу ў армію з раённага ваеннага камісарыята. А 15 лютага ветэраны вайны ў Афганістане, чые віскі даўно пасерабрыў час, зноў сабраліся тут, каб прыняць удзел у раённых мерапрыемствах, ушана-
ваць памяць пра баявых таварышаў, якія не вярнуліся дадому.
Ніхто з сённяшніх воінаў-інтэрнацыяналістаў тадыне ведаў, што давядзецца прайсці праз горан афганскай вайны. Не чакалі бяды, праводзячы сына ў армію, і бацькі Аляксандра Сухвала з вёскі Луг. Іх сын загінуў у Афганістане, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак. «І сэрцу балюча, і гору няма канца» — гэтыя словы, нанесеныя на помнік, устаноўлены на магіле Аляксандра, перадаюць невыносны смутак, які нясуць у сваіх сэрцах родныя малодшага сяржанта Сухвала, чыя смерць падзяліла на дзве часткі — «да» і «пасля» — жыццё яго мамы Розы Данілаўны.
Убачыўшы машыны, што пад’еха лі да дома, Роза Данілаўна выйшла на двор, каб сустрэць гасцей. Яе Саша загінуў у студзені 1983 года. У Дзень памяці маці заўсёды чакае яго баявых сяброў, якія прыязджаюць да яе з кветкамі. Жанчыне важна ведаць, што памяць пра сына, які таксама хацеў жыць мірна і шчасліва, але яго жаданням не наканавана было спраўдзіцца, жывая, што яе сэрца баліць нездарма. Ахвяруючы сабой, ён ратаваў іншых. Так тады было трэба. Абарона краіны — абавязак і свяшчэнны доўг кожнага мужчыны, які павінен умець пастаяць за сваю краіну, сваю сям’ю. Аляксандр свой доўг выканаў годна. Падзяку за сына Р. Д. Сухвал выказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў.
«Перажыць гібель дзіцяці ск ла дана, — кажа Роза Данілаўна. —Вайна перашкодзіла Сашы гадаваць сына, радавацца ўнукам, пабудаваць сваё шчаслівае жыццё». Гэта важна памятаць усім нам. Памятаць пра неабходнасць захаваць мір, каб не дапусціць смерцяў. Вайны часта можна пазбегнуць, людзі не павінны з-за яе пакутаваць. З-за ўзросту Розе Данілаўне з кожным годам усё цяжэй наведваць вясковыя могілкі, дзе пахаваны Аляксандр. Але мацi знайшла ў сабе сілы, каб пабываць там. На магілу А. М. Сухвала быў ускладзены вянок, памяць пра воіна ўшанавалі хвілінай маўчання.
* * *
У Бешанковічах ля памятнага знака землякам, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, устаноўленага на Алеі славы каля сярэдняй школы №1, прайшоў мітынг з удзелам старшыні раённага выканаўчага камітэта Г. У. Унуковіч і старшыні раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведава. Удзел у мерапрыемстве прымалі таксама воіны-інтэрнацыяналісты, кіраўніцтва раённага ваеннага камісарыята, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, старшакласнікі школ райцэнтра.
Як заўважыў, звяртаючыся да прысутных, Г. М. Шведаў, Беларусь славіць ветэранаў вайны ў Афганістане і памятае пайменна ўсіх, хто не вярнуўся з той вайны,
шануе іх памяць і смуткуе разам з роднымі і блізкімі. Воіны-інтэрнацыяналісты свой салдацкі абавязак выканалі сумленна, як некалі іх дзяды і бацькі. І сёння
з’яўляюцца не толькі апорай для дзяржавы, але і выдатным прыкладам для моладзі ў служэнні Радзіме. Праз вайну ў Афганістане прайшлі больш за 30 тысяч жыхароў нашай краіны.
Сёння ў Беларусі жыве каля 20 тысяч воінаў-інтэрнацыяналістаў. Яны выдатна ведаюць цану міру і стабільнасці ў краіне, дапамагаюць захоўваць іх, праводзяцьвялікую работу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. За значны асабісты ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і ў сувязі з 32-й гадавінай вываду савецкіх войскаў з Рэспублікі Афганістан Падзяка старшыні раённага выканаўчага камітэ-
та ўручана члену раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» А. В. Шавелю.
Воіны-інтэрнацыяналісты А. А. Апанасёнак і М. М. Лазоўскі атрымалі Падзякі за добрасумленнае выкананне грамадзянскага абавязку, вернасць прысязе, удзяч-
насць за сілу і мужнасць ад начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама А. М. Рыбакова. Вайна — страшэнна я і жудасная з’ява ў гісторыі чалавецтва. Яна можа доўжыцца год ці дзесяцігоддзі, можа быць грамадзянская ці міждзяржаўная, сусветная або лакальная, захопніцкая або вызваленчая, але вайна — гэта заў-
сёды кроў, боль, ахвяры і разруха. Наступствы таго, што адбылося ў Афганістане, свет адчувае да сённяшняга часу. Міжнародны тэрарызм, наркатрафік, грамадзянскія міжусобіцы, жорсткае проціборства сусветных дзяржаў — усе гэтыя паняцці актуальныя і зараз.
Беларускія воіны-афганцы таксама ўклалі ў тую барацьбу свае сілы. Яны з гонарам выканалі салдацкі абавязак, сталі сапраўдным прыкладам служэння Радзіме. Пра вернасць воінскаму абавязку, доблесць і адвагу воінаў-інтэрнацыяналістаў гаварылі ў сваіх выступленнях ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Савіч, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В. В. Сафонаў, адзінаццацікласніцы СШ №1 г. п. Бешанковічы Анастасія Петухова і Ірына Дарожкіна.
На мітынгу прагучалі імёны ўсіх нашых землякоў, якія ваявалі ў Афганістане, успомнілі жывых і памерлых. Трохразовы воінскі салют, як падзяка за ратны подзвіг абаронцаў, разнёсся гучным рэхам па наваколлі гарпасёлка. Памяць пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, што загінулі ў час баявых дзеянняў у Афганістане,
ушанавалі хвілінай маўчання. Да памятнага знака ляглі вянкі і кветкі ад кіраўніцтва раёна, устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра, ветэранаў,
моладзі.
Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.