Close
Курс валют: $ 3.415 | € 3.5911 | ₽100 3.3927 | 
 Погода в Бешенковичах: -2 °Cнебольшая облачность

Переизбрали первого секретаря РК ОО БРСМ

Традыцыя не мяняецца і сёння. У строгім маўчанні застывае строй ваенных лётчыкаў. Дзяжурны часці пачынае вячэрнюю пераклічку:


– Старшы лейтэнант Абазоўскі Канстанцін Антонавіч! – урачыста гучыць яго голас. I ў напружанай цішыні звонка чуецца адказ правафланговага:


– Герой Савецкага Саюза старшы лейтэнант Абазоўскі загінуў смерцю храбрых у баі за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы!..


I так кожны дзень, з году ў год. Гэта армейская цырымонія заўсёды прымушае хвалявацца да слёз і маладых, і ўжо сталых авіятараў Н-скайчасці, куды, згодна з загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь, гэта імя назаўсёды залічана ў спісы асабовага саставу.


Iмя героя-земляка ўвекавечана не толькі ў гэтай воінскай часці, а так-сама ў Крыме, Растоўскай вобласці, Краснадарскім краі і, вядома, на радзіме – у Бешанковічах і на будынку былой школы ў вёсцы Плісы. Гэта асаблівая даніна павагі мужнасці і стойкасці лётчыка-штурмавіка з невялікай вёсачкі Абухава.


К. А. Абазоўскі нарадзіўся 1 кастрычніка 1919 года ў звычайнай сялянскай сям’і. Была яна дружнай, але беднай. Бацька, Антон Платонавіч, часцяком гаварыў вечарам дзецям-школьнікам:


– Хутчэй, дзеткі, урокі рабіце, а то газа ў смаркачцы выгарае…


Апрацоўваць зямлю, дапамагаць бацьку, Антону Платонавічу, і маці, Ганне Кандратаўне, было звыклай справай для Косці і яго сясцёр Марыі і Еўдакіі. Перайшоўшы ў старэйшыя класы Застарынскай сямігодкі, пачаў цікавіцца поспехамі нашых лётчыкаў, чытаць пра іх. Аднойчы прызямліўся на полі ля вёскі Латыгава, што непадалёку ад Абухава аднаматорны фанерны самалёт «У-2». Дзеці з наваколля кінуліся да машыны. I першы сярод іх – Косця Абазоўскі. Яго стрыечны брат і сябар дзяцінства, пазней заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Леанід Сцяпанавіч Абазоўскі расказваў:


– Мы не асмеліліся блізка падысці да самалёта, а Косця нават з лётчыкам загаварыў. Пачаў распытваць: а што трэба рабіць, каб стаць лётчыкам, ды як вучыцца на яго? Лётчык сур’ёзна адказаў яму: «Скончыш школу на пяцёркі, мускулы свінцом нальеш – прыходзь у Віцебскі аэраклуб».


3 таго дня нібы хто падмяніў хлопца. Ён будуе на дворышчы турнік, кожную свабодную хвіліну падцягваецца на ім, куляецца. Бацька па сялянскім разуменні лічыў, што сілу і спрыт дае толькі работа, і забараніў сыну такія свавольныя і небяспечныя, на яго думку, заняткі. Але Косця трэніруецца ўпотай на сядзібе сваёй старэйшай сястры Марыі.


Яго светлая мара ажыццявілася ў 1936 годзе, калі паступіў на гістарычны факультэт Віцебскага педінстытута і адначасова ў школу пілотаў пры гарадскім аэраклубе.


І пачаліся шчаслівыя дні ў жыцці юнака. Ён настойліва вывучае гістарычныя навукі ў інстытуце, а пасля заняткаў – трэніроўкі, трэніроўкі, трэніроўкі ў аэраклубе.


У студэнцкія гады Канстанцін Абазоўскі не перастаў займацца спортам. Зімой часцяком ездзіў на лыжах з Віцебска ў Абухава.


– Набярэ бульбы ў заплечны мяшок і зноў у дарогу. А шлях – 35 кіламетраў у адзін бок, – успамінае сястра Еўдакія Антонаўна.


I, ужо забыўшыся на спартыўныя заняткі Канстанціна, дадае:


– Жыў брат сціпла, акуратна. Прыедзе, бывала, на канікулы – у калгас за бацьку на работу ідзе, усюды падсабіць стараецца.


Віцебскі аэраклуб Абазоўскі скончыў адначасова з педагагічным інстытутам. Стаў працаваць настаўнікам гісторыі спачатку ў сярэдняй школе N20 г. Віцебска, потым у Застарынскай (Пліскай) няпоўнай, загадчыкам навучальнай часткі.


Прызваны ў рады Чырвонай Арміі ў 1940 годзе, Канстанцін быў накіраваны ва Ульянаўскае авіявучылішча, скончыў якое ў 1943 годзе.


«У наш штурмавы авіяполк, які ўдзельнічаў у той час у баях за Каўказ, прыехаў з вучылішча малады лётчык, – успамінаў палкоўнік запасу П. А. Акулаў. – Гэта быў Косця Абазоўскі. Як і іншыя неабстраляныя яшчэ лётчыкі, ён спачатку выконваў баявыя заданні разам з вопытнымі воінамі, аднак хутка расправіў крылы і стаў адным з лепшых лётчыкаў-штурмавікоў. Ён вызначаўся ўжо высокім пілатажным майстэрствам, выдатна ведаў тэорыю і тактыку паветранага бою, бомбакідання, умела арыентаваўся ў складанай абстаноўцы».


У адзін з вылетаў на баявое заданне Абазоўскі трапным бомбавым ударам з першага заходу патапіў варожую самаходную баржу з жывой сілай і тэхнікай праціўніка, расстраляў рэактыўнымі снарадамі механізаваную калону ворага на прыбярэжнай шашы. Такі баявы поспех не заўсёды спадарожнічаў і прызнаным у палку майстрам штурмавога ўдару.


Неўзабаве К. А. Абазоўскі прызначаецца камандзірам звяна, праз некалькі дзён узнагароджваецца ордэнам Чырвонай Зоркі. Цяпер ужо ён вадзіў маладых лётчыкаў на штурм варожых аб’ектаў. Хутка звяно Абазоўскага стала адным з лепшых падраздзяленняў палка. За праяўленыя мужнасць і адвагу ў рашаючых баях па канчатковым выгнанні фашысцкіх захопнікаў з Кубані і Тамані і за наступныя 20 паспяховых вылетаў лётчык узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. А за рашучыя дзеянні на Керчынскім паўвостраве, пры вызваленні Крыма, дзе зрабіў 20 паспяховых вылетаў, Абазоўскі ўзнагароджваецца яшчэ адным ордэнам – Чырвонага Сцяга, за вызваленне Сімферопаля наступная ўзнагарода – ордэн Чырвонай Зоркі.


У прадстаўленні да звання Героя Савецкага Саюза камандзір 190-га штурмавога авіяпалка маёр І. П. Бахцін, будучы Герой Савецкага Саюза, пісаў: «За апошні час лейтэнант Абазоўскі на баявое заданне хадзіў вядучым і з ім спраўляўся добра, не маючы ні аднаго выпадку страты арыенціроўкі, асабовага саставу, вымушанай пасадкі і паломкі матчасткі. Умела выкарыстоўваючы ўзбраенне самалёта «Іл-2″, дасканала валодаючы тэхнікай пілатавання, лейтэнант Абазоўскі ў кожным баявым вылеце выключна эфектыўна робіць бомбакіданне».


Вясной 1944 года ў жыцці нашага земляка адбылася значная падзея – ён ажаніўся на тэхніку па ўзбраенні самалётаў Сашы. Вяселле гулялі ўсім палком.


6 мая 1944 года, выконваючы заданне ў раёне аэрадрома мыса Херсанэс на брыючым палёце, група, у якой быў і Абазоўскі, збіла ў паветраным баі чатыры самалёты ворага «Фоке-Вульф-190» і адзін «Ме-109», а на зямлі яшчэ 8 самалётаў праціўніка, узарвала два склады з боепрыпасамі.


Баявыя вылеты працягваліся, і калі полк быў прыдадзены 2-му Прыбалтыйскаму фронту, які ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі, Абазоўскі ўжо меў званне старшага лейтэнанта. 12 чэрвеня 1944 года К. А. Абазоўскі павёў групу «Ілаў» на штурм варожай абароны пад Віцебскам. I тут, і на ўсім працягу аперацыі «Баграціён» наш знакаміты зямляк вызначаўся выключнай смеласцю, паказваў сапраўдныя прыклады гераізму і баявога майстэрства. 3 10 ліпеня па 10 жніўня Абазоўскі зрабіў 32 баявыя вылеты і ўсе з выдатнай адзнакай.


За няпоўныя паўтара года, што давялося яму ваяваць на фронце, было ажыццёўлена 105 баявых паспяховых вылетаў на штурм ваенных аб’ектаў ворага. 106-ы, на жаль, скончыўся трагічна. Раніцай 26 кастрычніка 1944 года Абазоўскі вылецеў на чарговае баявое заданне – разведаць варожыя ўмацаванні, што перашкаджалі далейшаму руху нашых наземных войскаў. Надвор’е стаяла пахмурнае, нізкая воблачнасць прымушала ляцець амаль што над зямлёй.


– Бачу ў зададзеным квадраце артылерыйскія пазіцыі, два батальёны танкаў, склад з палівам, – дакладваў лётчык наземным службам. I раптам голас прапаў, сувязь абарвалася…


На свой аэрадром Канстанцін Абазоўскі (пазыўны «Арыён») больш не вярнуўся. Трагедыя здарылася на мяжы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці і Краслаўскага раёна Латвіі.


У той жа дзень стала вядома аб прысваенні К. А. Абазоўскаму звання Героя Савецкага Саюза. Толькі ён гэтага не ведаў і ўжо не даведаецца ніколі.


Горка перажывалі аднапалчане гэту незваротную страту іх баявога і вернага таварыша. У іх, як і ва ўсіх, хто яго ведаў, Канстанцін Антонавіч Абазоўскі назаўсёды застанецца ў памяці 25-гадовым.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

0 Comments
scroll to top