Раённы выканаўчы камітэт прыняў распараджэнне аб правядзенні ў 2011 годзе
акцыі “Дні цвярозасці”. У адпаведнасці з рашэннем каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Віцебскай вобласці і з мэтай зніжэння колькасці спажывання насельніцтвам алкагольных напояў і звязаных з гэтым наступстваў вырашана праводзіць Дні цвярозасці разам з правядзеннем рэспубліканскіх, абласных акцый, міжнародных, сусветных і рэспубліканскіх дзён здароўя. У маі, напрыклад, гэта 15 чысла, калі адзначаецца Міжнародны дзень сям’і, у чэрвені – 26, Дзень моладзі, у ліпені – 7, Адзіны рэспубліканскі дзень здароўя “Прафілактыка алкагалізму”, у жніўні – 26, калі праходзіць абласная акцыя здароўя “Беражы здароўе з маладосці”.
10 верасня адзначаецца Сусветны дзень папярэджвання самазабойстваў, 10 кастрычніка – Сусветны дзень псіхічнага здароўя, 17 лістапада – Адзіны рэспубліканскі дзень здароўя “Прафілактыка анкалагічных захворванняў”, 16 снежня – Адзіны рэспубліканскі дзень здароўя “Прафілактыка траўматызму”. Гэтыя дні таксама названы свабоднымі ад алкаголю.
Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна прапанавана актывізаваць работу па прапагандзе здаровага ладу жыцця шляхам правядзення разнастайных спартыўных і іншых мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне здаровага ладу жыцця. Да прафілактычнай работы падключацца медработнікі, педагогі, маладзёжныя актывісты, работнікі РАУС, іншых службаў раёна.