У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці на Прыдзвінні прайшлі ўрачыстыя сходы, прысвечаныя гэтай даце.
Лепшыя прадстаўнікі ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» запоўнілі актавую залу Ржаўскага сельскага Дома культуры. Павіншаваць з прафесійным святам мясцовых хлебаробаў, жывёлаводаў, механізатараў прыехаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч.
Першым на тры-
буну падняўся
дырэктар сельгаспрадпрыемства Д. В. Пятрашка, які падвёў папярэднія вынікі адыходзячага ў гісторыю чарговага сельскагаспадарчага года для ЗАТ «ААБ-Агра Наватар».
– Па многіх паказчыках, – адзначыў Дзмітрый Валер’евіч, – яны дастаткова станоўчыя і пераканаўчыя. Аднак наперадзе нас чакаюць не менш важныя рубяжы і новыя вытворчыя дасягненні.
Цёпла павіншаваў прысутных са святам Сяргей Генадзьевіч Акуневіч. Дастаткова ўзважаным было і выступленне намесніка дырэктара сельгаспрадпрыемства Уладзіміра Канстанцінавіча Пянькоўскага.
А потым пачалося ўручэнне Ганаровых грамат і грашовых прэмій лепшым з лепшых. Асобным прадстаўнікам даводзілася па некалькі разоў узнімацца на сцэну, паколькі вынікі падводзіліся за ўвесь год, пачынаючы з падрыхтоўкі глебы пад сяўбу і заканчваючы ўборкай ураджаю. Дзякавалі за працу і жывёлаводам.
Уладзімір Дзмітрыевіч Міленка, напрыклад, атрымаў чатыры граматы, Павел Паўлавіч Майструк, Пётр Карпавіч Агафонаў, Дзмітрый Дзмітрыевіч Міленка, Вячаслаў Іванавіч Целяпнёў і Вячаслаў Аляксандравіч Масціцкі – па тры. Яшчэ дзесяць чалавек – па дзве. Усяго адбылося 142 узнагароджанні.
Мастацкая частка была прадстаўлена выступленнем самадзейнага мастацкага калектыву з г. п. Руба Віцебскага раёна. Задаволенымі расходзіліся ўдзельнікі мерапрыемства ад узнагарод, прэмій, цёплага прыёму і ўвагі, якімі адарыла іх кіраўніцтва гаспадаркі.
Пры падвядзенні вынікаў спаборніцтва не абышлося без удзелу прафсаюзнай арганізацыі і ідэалагічнай службы сельгаспрадпрыемства.