Close
Курс валют: $ 3.4714 | € 3.6432 | ₽100 3.3774 | 
 Погода в Бешенковичах: 2 °Cнебольшой снег

В школах Бешенковичского района завершаются ремонты

На мінулым тыдні міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў  прыняў удзел у прамой тэлефоннай лініі і анлайн-канферэнцыі ў прэс-цэнтры і на сайце БелТА.
Павышэнне прэстыжу прафесіі настаўніка — гэта задача ўсяго грамадства
Пачынаючы сустрэчу, Міхаіл Жураўкоў адразу адзначыў, што павышэнне прэстыжу прафесіі настаўніка — гэта задача ўсяго грамадства.
«Трэба ствараць станоўчы вобраз настаўніка ў нашым грамадстве. Для гэтага трэба і СМІ прыцягваць, больш расказваць аб нашых выдатных педагогах, аб іх інавацыях, паказваць прыклады з жыцця педагогаў», — падкрэсліў міністр.
Міхаіл Жураўкоў таксама адзначыў, што Міністэрства адукацыі са свайго боку будзе старацца стварыць самыя аптымальныя ўмовы для таго, каб педагог працаваў у творчай і камфортнай абстаноўцы. 
Жураўкоў мае намер разабрацца з выкананнем настаўнікамі неўласцівых функцый
Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што праблемай выканання настаўнікамі дадатковых, неўласцівых функцый ён займаецца з першага дня свайго знаходжання на пасадзе міністра.
Паводле яго слоў, цяпер праводзіцца маніторынг школ, гімназій па ўсёй рэспубліцы. «Вывучаем статыстыку, глядзім структуру выконваемых настаўнікамі даручэнняў і высвятляем, хто іх дае. Акрамя таго, абмяркоўваем з настаўнікамі, дырэктарамі, прадстаўнікамі раённай улады пытанне аб тым, якім яны бачаць узаемадзеянне ў будучым, — сказаў міністр. — Пастараемся як мага хутчэй абагульніць гэтыя матэрыялы і сфарміраваць рэкамендацыі».
У бліжэйшыя два гады абітурыенты не змогуць падаваць дакументы ў некалькі ВНУ адразу
Паводле слоў міністра, на гэты час гэта пытанне не разглядаецца. «Інакш кажучы, у бягучым і наступным навучальным годзе абітурыент павінен падаваць дакументы ў канкрэтную ВНУ і здаваць канкрэтныя ўступныя экзамены ў тую навучальную ўстанову, якую ён выбраў. У перспектыве, можа, мы да гэтага прыйдзем, і з’явіцца магчымасць падаваць дакументы ў некалькі ВНУ адразу, але пакуль не», — сказаў міністр.
Пытанне аб аб’яднанні выпускных школьных экзаменаў і ЦТ ставіць дачасна
«Што датычыцца аб’яднання школьных і ўступных экзаменаў, то, мне здаецца, гэта пытанне цяпер яшчэ дачаснае, таму што экзамены ў школе павінны прадэманстраваць узровень засвоеных ведаў вучнямі па ўсіх прадметах за школьную праграму навучання. Пры паступленні ж абітурыент павінен прадэманстраваць пэўныя веды па пэўных прадметах, якія неабходны ў ВНУ. Гэта крыху розныя задачы. Аб’яднаць іх, на першы погляд, вельмі проста, але на самай справе — гэта складаная задача», — сказаў міністр.
Разам з тым ён адзначыў, што калі людзі задаюць такія пытанні ў ходзе анлайн-канферэнцыі, то гэта тэма будзе прааналізавана.
У бліжэйшы час змяняць кошт навучання ў ВНУ не плануецца
«Пакуль мы не разглядалі такое пытанне, гэта значыць у бліжэйшы час змяняць кошт навучання не плануецца. Але наша сістэма адукацыі і ВНУ знаходзяцца ў тых жа ўмовах, што і ўся краіна, таму ў перспектыве не трэба выключаць якіх-небудзь змяненняў у аплаце навучання для абітурыентаў, якія паступаюць на першы курс», — адзначыў міністр.
Гаворачы пра будучую ўступную кампанію, ён адзначыў, што ў гэтым годзе парогавыя значэнні па прадметах ЦТ змяняцца не будуць, застанецца ранейшай мінімальная колькасць балаў, якую неабходна атрымаць абітурыенту для паступлення ў навучальную ўстанову. «Іншая справа, што мы крыху зменім падыход і будзе ўведзена паняцце профільнага прадмета, а таксама павялічыцца час для падачы ў асноўны перыяд паступлення і тым самым зменшыцца час дадатковага набору. Гэта асноўныя змяненні», — сказаў Міхаіл Жураўкоў.
Што датычыцца плана набору абітурыентаў на бюджэт, ён можа вар’іравацца ў залежнасці ад змянення колькасці выпускнікоў школ. 
Выпускныя іспыты для 9-га класа ў Беларусі гэтым летам пройдуць без змяненняў
У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 7 ліпеня 2014 года нумар 95 вучні 9-х класаў будуць здаваць тры выпускныя экзамены — па навучальных прадметах «Беларуская мова», «Руская мова», «Матэматыка». Усе — у пісьмовай форме.
«Нагадаю таксама, што абавязковы экзамен па гісторыі Беларусі будуць здаваць з 2015 года толькі выпускнікі 11-х класаў, а з праграмы выпускных экзаменаў за базавую школу (9-ы клас) гэты іспыт выключаны», — адзначыў міністр.
Вучні 10-х класаў з верасня 2015 года атрымаюць магчымасць навучацца ў профільных класах
«Ужо на працягу двух гадоў у якасці эксперымента ў сярэдніх школах рэалізуецца магчымасць вывучэння прадметаў на павышаным узроўні ў рамках дзеючых навучальных планаў», — адзначыў міністр.
«Мы плануем, што ў далейшым колькасць профільных класаў, іх накіраванасць, крытэрыі адбору здольных вучняў вызначыць школа сумесна з аддзеламі адукацыі ў адпаведнасці з рэкамендацыямі міністэрства», — сказаў ён. Пры гэтым Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, «што неабходна пакінуць дзецям, якія не змаглі выбраць профіль, магчымасць атрымаць сярэднюю адукацыю».
Цяпер у Міністэрстве адукацыі распрацоўваюцца крытэрыі адбору для залічэння ў 10-ы (профільны) клас, якія, магчыма, будуць прымяняцца ў будучым.
Па матэрыялах БелТА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top