24 мая ў беларускіх аграсядзібах арганізавалі чарговы Дзень адкрытых дзвярэй. Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму, БГА «Адпачынак у вёсцы» і гаспадароў аграсядзіб. Гэта акцыя сімвалізуе адкрыццё летняга сезона і прыцягвае ўвагу турыстаў, якія плануюць адпачыць у Беларусі. Упершыню Дзень адкрытых дзвярэй наладзілі ў краіне ў 2012 годзе.
Дарэчы, на пачатак 2015 года ў Беларусі было зарэгістравана 2037 аграсядзіб (гэта на 156 сядзіб больш, чым на пачатак 2014 года). Іх паслугамі ў мінулым годзе скарысталіся 318,8 тысячы чалавек, што на 17,3 працэнта больш, чым у 2013 годзе. Амаль 87 працэнтаў тых, хто адпачываў у аграсядзібах, —беларусы.
Сёлета ў час акцыі турысты змаглі бясплатна наведаць сядзібы і азнаёміцца з магчымасцямі адпачынку ў беларускай вёсцы. У гэты дзень кожная сядзіба сустракала наведвальнікаў спецыяльнай праграмай, гаспадары аграсядзіб правялі экскурсіі і прэзентацыі мясцовых абрадаў, пазнаёмілі гасцей з турыстычнымі маршрутамі. У многіх сядзібах прайшлі сустрэчы з мясцовымі музыкантамі і рамеснікамі. На майстар-класах турыстаў вучылі валіць валёнкі, гатаваць сыр і варыць мыла.
У нашым раёне свае дзверы для гасцей адчынілі сельская сядзіба ў вёсцы Стрыжава і сядзіба “Чыстае паветра” ў населеным пункце Дыбалі.