З 1 лістапада 2015 года па 30 студзеня 2016 года праводзіцца XIX Рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў «Калядная зорка». Арганізатарам раённага этапу выставы-конкурсу з’яўляецца раённы Цэнтр дзяцей і моладзі.
Гэтае мерапрыемства ўжо стала традыцыйным для нашага рэгіёна і праводзіцца каторы год запар з мэтай развіцця і папулярызацыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выяўлення і падтрымкі юных талентаў, захавання і развіцця народных традыцый.
Па ўмовах творчага спаборніцтва ў ім прынялі ўдзел навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна. Свае здольнасці маглі праявіць дзеці і падлеткі ад 8 да 16 гадоў, прызёраў вызначалі ў дзвюх узроставых катэгорыях: 8-12 гадоў, 13-16 гадоў.
На суд журы выстаўляліся як калектыўныя, так і індывідуальныя работы, выкананыя ў розных відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Іх тэматыка: «Зіма», «Нараджэнне Хрыстова», «Новы год», «Навагоднія гісторыі, казкі», «Героі зімовых святаў».
Ад устаноў адукацыі раёна было прадстаўлена 30 работ і кампазіцый на навагоднюю і калядную тэму, 13 работ адабраны журы для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу. Пры ацэнцы творчых работ улічвалася выкарыстанне новых тэхнік і тэхналогій у творчых работах; іх мастацкі ўзровень; кампазіцыйнае і колеравае рашэнне; спалучэнне традыцыйнай творчасці і сучаснай культуры; арыгінальнасць ідэі, самабытнасць мастацкага ўвасаблення.
«Зоркамі» выставы сталі: работы, выкананыя ў тэхніцы маляванка, выцінанка, роспіс па шкле, аб’яднання па інтарэсах «Творчасць» ДУДА «Бешанковіцкі РЦДіМ» (кіраўнік: педагог дадатковай адукацыі М. М. Гайсёнак); чароўная парачка малпачак, а таксама арт-аб’ект «Лэдзі Зіма» аб’яднання па інтарэсах «Чароўны клубок» ДУДА «Бешанковіцкі РЦДіМ» (кіраўнік: педагог дадатковай адукацыі Т. Г. Акуневіч); пано з керамікі «Чароўная ноч» аб’яднання па інтарэсах «Кераміка» ДУДА «Бешанковіцкі РЦДіМ» (кіраўнік: педагог дадатковай адукацыі Ю. В. Фіешка); сюжэтная кампазіцыя «Снягурка» аб’яднання па інтарэсах «Мяккая цацка» ДУДА «Бешанковіцкі РЦДіМ» (кіраўнік: педагог дадатковай адукацыі Г. М. Ханяк); елачныя цацкі, выкананыя ў тэхніцы артышок, аб’яднання па інтарэсах «Мастацтва рукадзелля» ДУА «Сярэдняя школа №1 г. п. Бешанковічы» (педагог А. С. Леган); сувенір-падарунак «Напярэдадні Новага года» аб’яднання па інтарэсах «Умелыя рукі» ДУА «Ульская сярэдняя школа» (педагог Ю. Ч. Акуцёнак); роспіс па шкле «Калядная ноч» (праца вучаніцы ДУА «Ржаўская дзіцячы сад-сярэдняя школа» Крысціны Брыль); «Навагодняя елачка» у стылі тэкстыль аб’яднання па інтарэсах «Атэлье юных модніц» ДУДА «Бешанковіцкі РЦДіМ» (кіраўнік: педагог дадатковай адукацыі М. Ю. Інчына).
Гэтыя работы прымуць удзел у абласным этапе конкурсу і будуць уключаны ў экспазіцыю выставы на абласным навагоднім дабрачынным свяце «Нашы дзеці», якое адбудзецца ў снежні 2015 года. Пераможцы і прызёры раённага этапу выставы-конкурсу ў кожнай намінацыі і ўзроставай катэгорыі ўзнагароджаны дыпломамі I, II, III ступені Дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Бешанковіцкі раённы Цэнтр дзяцей і моладзі».