Традыцыйна ў трэцюю суботу мая наша краіна адзначае Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. Напярэдадні яго хочацца расказаць пра цікавую дзяўчыну, таленавітую спартсменку, што аднойчы і беспаваротна вызначыла сваю будучыню. Яе знешнасць можа ўвесці ў зман любога. Незнаёмым людзям цяжка паверыць, што высокая светлавалосая прыгажуня Таццяна Маркевіч (на здымку) – майстар спорту па валейболе, чэмпіёнка і ўладальніца Кубка Рэспублікі Беларусь, чэмпіёнка і ўладальніца Кубка Францыі, чэмпіёнка і ўладальніца Кубка Чэхіі. Гэта далёка не ўсе яе ганаровыя званні. Самае пачэснае сярод іх – маці шасцігадовай дачушкі Эміліі. Што прымусіла зрабіць выбар на карысць спорту? Чым жыве і пра што марыць спартсменка? Цікавілі гэтыя і іншыя пытанні. Таццяна з радасцю адказала на ўсе.
– Для многіх людзей з цягам часу спорт – не проста хобі, а сэнс жыцця, яго галоўная мэта. Так было і са мной, – заўважае Таццяна. – Займацца валейболам пачала з першага класа. Бязмежная любоў да яго з’явілася, дзякуючы бацьку, ён жа і быў самым першым трэнерам. Неяк паспрабавала заняцца лёгкай атлетыкай, але любоў да валейбола перамагла. У 14 гадоў я паехала ў Брэст, хадзіла ў 8-ы клас у звычайную школу, гуляла ў камандзе з дзяўчатамі, якія былі ў два разы старэйшыя. Там правяла тры гады, трэніраваў мяне В. Ф. Ганчароў. Потым была маладзёжная зборная Рэспублікі Беларусь. Затым – пераезд у Магілёў, клуб «Камунальнік». Зноў тры гады няспыннай працы, самаўдасканалення, набыцця вопыту. Былі і цяжкасці, і шчаслівыя моманты. Самы радасны – нараджэнне дачушкі.
Пасля з’яўлення Эміліі маладая маці прыпыніла кар’еру, але справа ўсяго жыцця зноў паклікала. Таццяна расказвала пра валейбол з задавальненнем. Яе вочы ззялі, калі ўзгадала пра першую паездку за мяжу. Сонечная Турцыя, дзіўны Азербайджан, рамантычная Францыя, натхняльная Чэхія.
– Маё жыццё звязана з вандроўкамі, – кажа спартсменка. – Аднак адпачываць і любавацца прыгажосцю не атрымліваецца. Доўгі пералёт, атэль, спаборніцтва – замкнёнае кола. Самае прыемнае – калі прачынаешся раніцай і бачыш мора…
Любімай справай я жыву і перад кожнай гульнёй па-ранейшаму перажываю і хвалююся, але гэта падабаецца.
Ужо ідзе трэці год, як Таццяна гуляе ў Чэхіі. Па заканчэнні сезона адразу вяртаецца дадому. У канцы ліпеня пачынаецца падрыхтоўка да новых спаборніцтваў, але дзяўчына пакуль што вырашыла крыху адпачыць, пабыць з дачушкай.
– Гэта не самыя галоўныя мае спаборніцтвы, – адзначае наша знакамітая зямлячка. – Сям’я – вось што важна. Я вельмі шаную бацькоў і дзякую ім за ўсё. Яны перадалі мне сваю любоў да спорту. Напярэдадні свята хочацца пажадаць прафесійным спартсменам і трэнерам, аматарам актыўнага ладу жыцця і тым, хто перажывае за поспехі атлетаў, здароўя, цярпення, цвёрдасці характару, сілы волі, паважаць тых, з кім працуеш, не парушаць рэжым і любіць валейбол, бязмежна і аддана.