Close
Курс валют: $ 3.472 | € 3.614 | ₽100 3.3802 | 
 Погода в Бешенковичах: 4 °Cнебольшой дождь

Іван Ціхан: вялікая колькасць беларускіх лёгкаатлетаў на Гульнях устанавілі асабістыя рэкорды

II Гульні краін СНД сталі сапраўдным спартыўным святам для Беларусі. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам выступлення нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы, выказаў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На думку Івана Ціхана, кожны старт для спартсмена вельмі важны. II Гульні краін СНД сталі значным міжнародным форумам, у якім прынялі ўдзел моцныя і амбіцыйныя атлеты.

«На спаборніцтвах спартсмен праяўляе сябе, паказвае вынікі сваёй работы. Улічваючы сітуацыю ў сусветным спорце, вельмі важна, каб беларускія атлеты, трэнеры маглі рэалізаваць сябе, прадэманстраваць сваю работу. Атрымалі задавальненне ад прагляду і балельшчыкі. Успомніце тую ж эстафету 4х200, дзе мы ўбачылі напружаную барацьбу, нашым спартсменам не хапіла ўсяго адной сотай да перамогі. Але як змагаліся нашы спартсмены! І такіх стартаў было нямала», — адзначыў старшыня федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Усяго беларускія лёгкаатлеты заваявалі 39 медалёў, 11 з якіх — залатыя. У спаборніцтвах прынялі ўдзел прадстаўнікі дзевяці краін. Сапернічалі спартсмены не старэйшыя за 14 гадоў, для многіх з іх гэты старт быў першым міжнародным у кар’еры.

Падрыхтоўка беларускіх спартсменаў стартавала яшчэ восенню. Асноўным крытэрыем для таго, каб трапіць на Гульні, стала рэспубліканская спартакіяда школьнікаў, якая прайшла ў сярэдзіне чэрвеня ў Гомелі. Пасля гэтага спаборніцтва быў сфарміраваны асноўны касцяк нацыянальнай каманды. Дарэчы, па выніках Гульняў 90 працэнтаў складу нашай каманды ўстанавілі асабістыя рэкорды ў дысцыплінах. Дзякуючы правядзенню II Гульняў краін СНД Беларусь чарговы раз падмацавала статус спартыўнай дзяржавы.

«Сёння мы гатовы прымаць спаборніцтвы абсалютна любога ўзроўню, пачынаючы ад гарадскіх, заканчваючы міжнароднымі. II Еўрапейскія гульні, матчавыя лёгкаатлетычныя сустрэчы пацвердзілі наш высокі ўзровень арганізацыі. Не толькі ў лёгкай атлетыцы, але і ў іншых відах спорту наш матэрыяльна-тэхнічны складнік дазваляе прыняць старты самага высокага рангу, што чарговы раз пацвердзілі цяперашнія Гульні», — сказаў на заканчэнне Іван Ціхан.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top