У канцы кастрычніка 105-годдзе з дня свайго заснавання адзначае самая масавая маладзёжная арганізацыя мінулага стагоддзя — Усесаюзны Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі.
Днём нараджэння камсамола прынята лічыць 29 кастрычніка 1918 года, калі на першым Усерасійскім з’ездзе саюзаў рабочай і сялянскай моладзі было заяўлена аб стварэнні Расійскага Камуністычнага саюза моладзі. З таго часу пад сцягамі камсамола аб’ядноўваліся самыя актыўныя прадстаўнікі моладзі. Савецкая Камсамольская арганізацыя ўпісала ў летапіс гераічнай гісторыі нашай Радзімы тысячы імёнаў герояў вайны і працы, якія паднялі краіну з попелу грамадзянскай вайны, адстаялі яе свабоду падчас Вялікай Айчыннай, уразілі ўвесь свет сваімі дасягненнямі ў пасляваенны час. Гэта тысячы і тысячы камсамольцаў, кіраўнікоў і радавых, што сваёй штодзённай працай даказалі самаахвярную адданасць сваёй краіне і свайму народу.
Пераломным момантам у гісторыі камсамола сталі 90-я гады — перыяд распаду Савецкага Саюза. У снежні 1991 года на 30-м з’ездзе ЛКСМБ маладзёжную арганізацыю перайменавалі ў Саюз моладзі Беларусі, у лютым 1995 года — у грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз моладзі». Затым у 1997 годзе быў створаны Беларускі патрыятычны саюз моладзі. 6 верасня 2002 года дзве гэтыя арганізацыі зліліся ў адну — грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». І яно да цяперашняга часу захоўвае слаўныя традыцыі беларускага камсамола. А значыць, захоўваецца сувязь пакаленняў, ёсць паступальны рух наперад.
З нагоды юбілейнай даты пад эгідай БРСМ па ўсёй краіне праходзяць святочныя мерапрыемствы. У нашым раёне старт ім дала ўрачыстая цырымонія закрыцця трэцяга працоўнага семестра ў Ульскім каледжы ім. Л. М. Даватара.
«Студатрады для бешанковіцкай моладзі, — упэўнена першы сакратар РК ГА «БРСМ» Вольга Фіешка, — гэта добрая магчымасць не толькі бліжэй пазнаёміцца са сваёй будучай прафесіяй або асвоіць новую, але і зрабіць нешта добрае для канкрэтнай арганізацыі, населенага пункта. Гэтым летам раённы штаб студэнцкіх атрадаў ахапіў усімі формамі занятасці 72 юнакоў і дзяўчат».
Падчас закрыцця трэцяга працоўнага семестра лепшыя байцы студатрадаў былі адзначаны падарункамі. Акрамя гэтага, у рамках мерапрыемства прайшла спартакіяда сярод навучэнцаў каледжа.
Яшчэ адна знакавая падзея, прысвечаная 105-годдзю УЛКСМ, прайшла ў аграгарадку Ржаўка. Тут актывісты РК ГА «БРСМ», работнікі Верхнякрывінскага сельвыканкама і навучэнцы мясцовай школы заклалі Алею пакаленняў.
Цэнтральным мерапрыемствам святочнага тыдня стаў мітынг у парку камсамольцаў з удзелам прадстаўнікоў раённай улады, ветэранаў камсамольскага руху і школьнікаў. Падчас мерапрыемства адбылася аблічбоўка помніка камсамольцам і моладзі, што загінулі ў барацьбе супраць фашызму, у рамках рэспубліканскага праекта «Лічбавая Зорка». Тут з’явілася таблічка з QR-кодам, калі адсканаваць яго, можна больш даведацца пра гэта знакавае месца. У нашым раёне раней было ўстаноўлена 11 такіх таблічак, цяпер іх 12.
Камсамол быў яркай з’явай у лёсе многіх бешанкавічан. Для іх ён стаў сапраўднай школай жыцця, дзе сам час даваў урокі мужнасці, дабра і справядлівасці, вучыў сяброўству і стойкасці, выхоўваў пачуццё ўзаемасувязі з усім, што адбываецца ў краіне. І сёння ветэраны камсамола актыўна дзеляцца сваім вопытам з цяперашнім пакаленнем, нацэльваюць моладзь на разуменне сапраўдных чалавечых каштоўнасцей і адказнае стаўленне да справы. Падчас мітынгу ў парку камсамольцаў самыя актыўныя ветэраны камсамольскага руху Бешанковіччыны прымалі віншаванні і падарункі.
Ну а ў пятніцу наш зямляк, ветэран камсамолу Уладзімір Жук прыняў удзел у вялікім канцэрце, прысвечаным 105-годдзю камсамола, які праходзіць у Палацы Рэспублікі ў Мінску.