Паглядзелі, як праходзіць гэта адна з найважнейшых вясновых палявых работ.
У цэлым па раёне неабходна падкарміць 5687 га азімых збожжавых. Па дадзеных на раніцу 13 сакавіка, заданне выканалі на 27,6% (1568 га). Лідарам тут з’яўляецца СФГ «Пшанічны Двор» (275 га з 360, ці 76,4%). Самы значны фронт работ — у працаўнікоў КСВУП «ПалітаддзелецАгра», ім неабходна падкарміць 1278 га. Палітаддзельцы справіліся з задачай на 48,1% (615 га). На 40% справу зрабілі наватарцы (360 га з 900), на 28% — вядзераўскія рупліўцы (168 га з 601). 80 га азімых з запланаваных 500, што складае 16%, падкармілі працаўнікі вучэбнай гаспадаркі Ульскага каледжа, 40 га з 690, ці 5,8% — свіцінцы, 30 га з 396, ці 7,6% — ТАА «Сушчова-Агра».
Акрамя таго, хлебаробы раёна займаюцца падкормкай азімага рапсу. Яго пасеяна 2106 га. 625 з іх, ці 29,7% раслін ужо атрымалі неабходныя мікраэлементы. На чарзе — шматгадовыя травы, іх падкормлена 43 га. Першымі за справу ўзяліся працаўнікі СУП «Вядзерава».
Глядзіш на поле, што зелянее дружнымі ўсходамі будучых каласоў і ўражвае прыгажосцю, — сэрца пяе, так радасна яму. Вяскоўцы з задавальненнем падзяліліся меркаваннем. Напрыклад, у палітаддзельцаў ячмень першай рэпрадукцыі ля вёскі Паручнікі добра выйшаў з зімоўкі. На момант нашага візіту тут на полі ў 33 га з раніцы працаваў Віктар Іванавіч Жыгун. У гаспадарцы ён гады тры, раней быў жывёлаводам на МТФ «Лабачова», сёлета — першы сезон як вадзіцель.
«Што такое сельскагаспадарчая праца, ведаю з дзяцінства, бо жыў у вёсцы, — расказаў Віктар Іванавіч. — Калі дырэктар прапанаваў пайсці з жывёлаводаў у механізатары і ўзяцца за штурвал «Дзвіны», падумаў, чаму не? Зараз кожная хвіліна дарагая, падкормку трэба завяршыць за 7-10 дзён, бо хутка яшчэ адна будзе. І не шкадую, гэта праца важная, мне падабаецца».
Працаўнік сам адрамантаваў агрэгат. За два дні ўжо падкарміў 175 га. На ўнясенні ўгнаенняў актыўна працуюць таксама Дзмітрый Іванавіч Міклуш на «МТЗ‑1221» з «РДУ‑1000», Аляксандр Аляксандравіч Базар на «МТЗ‑1221» з «РДУ‑1500». Падвозяць угнаенні Канстанцін Фёдаравіч Баўтрушка і Мікалай Пятровіч Надзёжка, абодва — на «МАЗах‑555».
Аграрыі ведаюць, што жадаюць атрымаць ад зямлі, і яе да гэтага паўнавартасна рыхтуюць. Другую падкормку, як і першую, расцягваць нельга, таму і шчыруюць. На гэтым полі плануюць атрымаць не менш як 40-42 ц/га. У нядзелю ж рупліўцы вывелі тэхніку ва ўрочышча «Радзюкі», што ля комплекса ў Камосках.
Цешыць іх факт, што пасевы азімых культур у добрым стане, перасяваць не трэба. Цёплае надвор’е зараз спрыяе, а расліны ў такой фазе развіцця, што рэчывы для фарміравання будучага ўраджаю ім неабходны як мага хутчэй. Ад працы сёння залежыць, колькі зерняў у коласе будзе, кусцістасць і шмат чаго іншага.
І ўсё роўна земляробы не рызыкуюць далёка загадваць пра будучы ўраджай. Куранят, маўляў, па восені лічаць.