Вялікая Айчынная вайна стала самай трагічнай падзеяй у гісторыі Беларусі. Яна забрала жыцці кожнага трэцяга жыхара нашай краіны. Ад Вялікай Перамогі нас аддзяляюць ужо восем дзесяцігоддзяў, але ў Беларусі і сёння памятаюць мільёны грамадзян, сагнаных у фашысцкае рабства, закатаваных у канцлагерах і гета, памятаюць тых, хто каваў перамогу ў тыле ворага ля станкоў і вызваляў краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Памятаюць і шануюць вялікую перамогу, якая аб’яднала і заўсёды будзе аб’ядноўваць людзей розных пакаленняў.
На аднаўленне і захаванне гістарычнай памяці пра гераічныя подзвігі, гісторыю і лёс кожнага беларуса, які ўнёс свой уклад у вызваленне краіны і Вялікую Перамогу, накіраваны і Нацыянальны пошукавы праект «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», прысвечаны родным, блізкім і аднавяскоўцам, што прынялі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гадоў, падзеям і фактам пра вайну. Яго рэалізуюць грамадскае аб’яднанне «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» сумесна з установай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом «Беларусь сёння». Пошукавую работу разам з педагогамі вядуць і члены БРПА з устаноў адукацыі Бешанковіцкага раёна.
Пошукова-даследчы атрад дзейнічае таксама ў Бачэйкаўскай СШ імя М. А. Высагорца. Ім сабраны звесткі пра Аляксандра Сцяпанавіча Шчуку і яго бацьку — Сцяпана Ігнатавіча, якія абаранялі Радзіму ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сабраныя дадзеныя мяркуюць унесці ў базу інфармацыйнага партала.
Расказваюць педагогi — кiраўнiкi пiянерскага пошукова-даследчага атрада Бачэйкаўскай СШ імя М. А. Высагорца Любоў Iльiнiчна Шчука і Дзiяна Мiкалаеўна Зямко:
«Кожная беларуская сям’я мае сваю горкую памяць пра вайну. Гэтую гісторыю нам калісьці расказала Паліна Нікіфараўна Шчука, нявестка ветэрана, на ўроку мужнасці «Вайна адгрымела, а памяць жыве». Кожны год 20 верасня іх сям’я збіраецца за сталом, засланым белым абрусам і застаўленым традыцыйнымі памінальнымі стравамі, каб ушанаваць памяць Аляксандра, які зусім маладым загінуў на Вялікай Айчыннай вайне.
Сямейнай рэліквіяй з’яўляецца яго апошняе пісьмо з фронту, прысланае ў верасні 1944 года. Яно пажаўцела, парвалася на згібах, і сямейнікі беражліва перадаюць яго з рук у рукі. На спецыяльным бланку зверху напісана: «Смерць нямецкім акупантам», хатні адрас, нумар палявой пошты 28032 «Р», словы Сталіна: «Мы можам і павінны вызваліць савецкую зямлю ад гітлераўскай нечысці», а на адваротным баку — зварот да родных і знаёмых.
У ім Аляксандр паведамляе, што ён жывы і здаровы, служыць у Прыбалтыцы, што разам з ім ваюе знаёмы з суседняй вёскі Застарынне. Просіць маці, каб тая напісала бацькаў адрас, згадвае дзядзьку Яфіма і дзядзьку Федзю, якія таксама ваююць на фронце, просіць перадаць прывітанне ўсім блізкім і знаёмым. А потым дадому прыйшла пахаронка. У ёй гаварылася, што радавы Аляксандр Сцяпанавіч Шчука загінуў у баях за Прыбалтыку.
…На прызыўны пункт у ваенкамат летам 1944-га Аляксандр прыйшоў разам з бацькам Сцяпанам Ігнатавічам Шчукам. Іх абодвух, бацьку і сына, забралі ў адзін дзень і накіравалі ў адзін полк. Сцяпана Ігнатавіча прызначылі сапёрам, а Аляксандра — кулямётчыкам. Тут іх ваенныя шляхі разышліся. Гэта была апошняя сустрэча бацькі і сына.
У вёсцы Луг на помніку землякам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ёсць кароткі запіс: «Шчука Аляксандр Сцяпанавіч, нарадзіўся ў 1926 годзе, у Чырвонай Арміі з 1944 года, загінуў у 1944 годзе». Так на малой радзіме ўвекавечана памяць пра 18-гадовага юнака, які аддаў сваё жыццё за наша мірнае сёння.
У простай жаночай хусцінцы перадала Паліна Нікіфараўна сямейныя рэліквіі свайго роду. Іх шмат. Перабіраем тыя, што расказваюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У чырвонаармейскай кніжцы №79 ураджэнца вёскі Луг Сцяпана Ігнатавіча Шчукі, якому пашчасціла вярнуцца дадому жывым, змешчаны агульныя звесткі пра абаронцу Айчыны: 1905 года нараджэння, беларус па нацыянальнасці, у 1919 годзе скончыў 5 класаў, спецыяльнасць да прызыву — рахункавод. У дзеючую армію прызваны па мабілізацыі 2 ліпеня 1944 года Лепельскім ваенкаматам, прысягу прыняў 20 ліпеня 1944-га. Служыў у 145 стралковай дывізіі, 213 асобным саперным батальёне сапёрам. Дэмабілізаваны 23 чэрвеня 1945 года».
Чырвонаармеец Сцяпан Ігнатавіч Шчука ўдзельнічаў у разгроме Курляндскай групіроўкі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», ордэнам Айчыннай вайны II ступені, юбілейнымі медалямі. І ўсё жыццё, успамінаюць родныя, хацеў пабываць на магіле сына, які склаў сваю галаву далёка ад дому. Дзе пахаваны — не ведалі.
Сёння сям’я ўжо валодае такой інфармацыяй. У ходзе доўгіх пошукаў атрымалася дакладна ўстанавіць, што Аляксандр загінуў пры вызваленні Латвійскай ССР. Яго прозвішча значыцца ў спісе савецкіх воінаў, пахаваных на брацкіх вайсковых могілках на хутары Салгалес Скола, воласць Сідрабенес, Азалніекскі край, дзе і знайшоў вечны спачын радавы А. С. Шчука.