Close
Курс валют: $ 3.0251 | € 3.4765 | ₽100 3.6692 | 
 Погода в Бешенковичах: 15 °Cпасмурно

В Островенской школе прошла встреча с художницей Антониной Моисеевой

Кожны чалавек у думках час ад часу вяртаецца да свайго мінулага. І чым далей яно, тым часцей хочацца вяртацца да яго. Перад табой, як у кінастужцы, мільгаюць карцінкі жыцця. Самыя запамінальныя і яркія. Гады назапасілі шмат гэтых «карцінак», усё проста нельга змясціць у памяці і душы. Трэба падзяліцца гэтым багаццем…

Антаніна Маісеева — адна з найбольш яркіх сучасных мастакоў Беларусі, на палотнах якой — Прыдзвінскі край, Віцебшчына, Астроўна. Зусім нядаўна, 4 красавіка, Антаніна Максімаўна наведала Астровенскую школу, сустрэлася са старшакласнікамі. Напярэдадні славутай даты — 80-годдзя Вялікай Перамогі — сустрэча моцна ўразіла юнакоў і дзяўчат і найлепшым чынам паспрыяла фарміраванню духоўна-маральных якасцяў моладзі.

Астроўна — любы сэрцу куток, дзе Антаніна Маісеева калісьці расла, вучылася, спазнавала свет. У гэтым мястэчку яе жыццё было поўным захаплення, кахання, надзеі. Астровенскі дзіцячы дом, незабыўная старая школа, у якой вучылася адзінаццаць гадоў, заўсёды нараджаюць у мастачкі самыя прыемныя ўспаміны.

Мілы край… Астроўна… З часам раз’ехаліся выпускнікі школы ў розныя далёкія і блізкія краі. А малюначкі-ўспаміны, светлыя і чыстыя, ляглі на палатно.

Карціны Антаніны Маісеевай, размешчаныя зараз у школьным кабінеце выяўленчага мастацтва, — гэта пейзажы з лірычным настроем, сюжэтна-тэматычныя карціны паўсядзённага вясковага і гарадскога жыцця, творы этнаграфічнага, гісторыка-літаратурнага зместу, а таксама вялікая колькасць вобразаў жывёл з выдатна выяўленымі індывідуальнымі характарамі і разумным, амаль чалавечым позіркам.

Антаніна Максімаўна — самабытны мастак, кіруецца талентам, дадзеным ад прыроды. Гэта робіць творы арыгінальнымі і непаўторнымі. Свае карціны яна піша, як дзіця — схематычна, самыя значныя дэталі павялічвае і падкрэслівае колерам. Таму творы мастачкі так падабаюцца дарослым і дзецям. З вялікім задавальненнем астровенскія навучэнцы разглядалі знаёмыя краявіды. Сядзібы сярод квітнеючых садоў, занесеныя снегам хаты, лазенькі на берагах возера, шкадлівыя козы паблізу агародаў, прыгажуны коні на лузе ў халодным тумане жнівеньскім ранкам… А назвы якія сонечныя, светлыя і яркія, як сама палітра чароўных карцін — «У сланечніках», «Ганарлівы профіль казы Лізы», «Бэзавы поўдзень», «Грыбнік. На ціхім паляванні», «Дзяцінства маё залатое»…

Антаніна Максімаўна Маісеева нарадзілася на Сенненшчыне ў 1947 годзе. Праз восем год з братамі трапіла ў Астровенскі дзіцячы дом. Пазней стала студэнткай Ленінградскага дзяржаўнага інстытута культуры, працавала бібліятэкарам у г. Віцебску. Жыве там і сёння. Жывапісам займаецца з 2001 года. З’яўляецца ўдзельнікам выстаў самадзейных мастакоў клуба «Контур». Персанальныя выставы адбыліся ў Віцебску, музеі-сядзібе І. Я. Рэпіна «Здраўнёва». Яна ўдзельніца Міжнародных фестываляў наіўнага мастацтва і творчасці ў Маскве, лаўрэат Беларускага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь — мая песня».
У карцінах і ўспамінах Антаніны Маісеевай увасоблены жыццёвы вопыт і каштоўнасці пакалення, якое вырасла ў вёсцы, зведала цяжкасці пасляваеннага разбурэння і яго пераадолення. Мастачка, пераехаўшы ў горад, захавала сваю любоў да зямлі і прыроды, разуменне неабходнасці душэўных і духоўных намаганняў дзеля гармоніі ва ўласным доме і ва ўсім свеце.

Сустрэча ў Астровенскай школе прайшла на высокім эмацыйным уздыме, пакінула добры настрой і светлыя ўспаміны. Хочацца падзякаваць за арганізацыю сустрэчы педагогам — краязнаўцам Ігару Валянцінавічу Ганчарову і Святлане Юр’еўне Ганчаровай, пажадаць ім поспехаў у справе захавання і ўшаноўвання гістарычнай памяці сваёй малой радзімы.

Марыя ЛЮБАЧКА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Астровенскай сярэдняй школы імя К. А. Абазоўскага.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top