На жніве ў ПСУП “ААБ Наватар” заняты 13 камбайнаў. З іх 7 убіраюць хлеб у рубежскай зоне, у тым ліку і тры маладзёжныя экіпажы. Дарэчы, моладзь сёлета займае ў гаспадарцы лідзіруючыя пазіцыі, хаця ўмовы надвор’я пакуль не дазваляюць уборцы развярнуцца на поўную моц.
Сярод хлебаробаў на першы радок у працоўным спаборніцтве на канец мінулага тыдня выйшаў экіпаж у складзе Аляксандра Сінкевіча і Аляксандра Масціцкага (на здымку). А. Сінкевіч ужо трэці сезон на жніве, летась быў тысячнікам і сёлета ўпэўнена ідзе да пастаўленай мэты. Канкурэнцыю лідарам складаюць маладзёжны экіпаж Алега Кузьміна і Мікалая Мічтова, а таксама сямейны ў складзе братоў Уладзіміра і Дзмітрыя Міленкаў. Не саступае моладзі і яшчэ адзін сямейны экіпаж бацькі Пятра Карпавіча Агафонава і сына Аляксея. На адвозцы збожжа ў лідарах Юрый Іванавіч Бялько, Міхаіл Мікалаевіч Дубко і Леанід Аляксеевіч Бабарэнь.
Асабісты ўклад усіх удзельнікаў жніва ва ўборку зерневых у гаспадарцы адсочваюць штодня. У гонар пераможцаў на цэнтральнай сядзібе падымаюць сцяг, забяспечваюць галоснасць вынікаў працоўнага саперніцтва шляхам афармлення інфармацыйнага стэнда. Прадугледжаны і грашовыя прэміі для пераможцаў. Так, за 1-е месца яна складае 300 тысяч рублёў, за 2-е – 250 тысяч, за 3-е – 200 тысяч рублёў.
Убіраць наватарцам сёлета давядзецца амаль 3 тысячы гектараў зерневых. За дзень хлебаробы абмалочваюць ад 50 да 100 гектараў, збіраюць па 200-400 тон хлеба ў суткі пры сярэдняй ураджайнасці 40 цэнтнераў на круг. І ўжо напалову справіліся з пастаўкай збожжа дзяржаве, а план па продажу зерня ў гэтай гаспадарцы самы вялікі ў раёне – 1460 тон. Летась у “ААБ Наватары” сабралі крыху больш за 6800 тон хлеба, сёлета плануюць павялічыць паказчык амаль удвая, сабраць 12 900 тон зерня.