Многія з нас памятаюць тыя часы, калі на асноўных сельскіх маршрутах аўтобусы хадзілі амаль штодня. Але людзі пачалі абзаводзіцца асабістым транспартам, і аўтобусы ўсё часцей выходзяць у рэйс пустымі, прыносяць страты аўтатранспартным прадпрыемствам.
Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, галоўны перавозчык пасажыраў у раёне – ААТ “АТП-21” – робіць усё магчымае, каб захаваць сельскія маршруты. Іншая справа, што графік рэйсаў па днях тыдня не заўсёды зручны для вяскоўцаў. Як, напрыклад, было з рэйсам “Бешанковічы – Малыя Паўлавічы”. Мясцовыя жыхары звярнуліся ў рэдакцыю з просьбай дапамагчы ім хадайнічаць аб карэкціроўцы раскладу руху аўтобуса. Людзі прапанавалі арганізаваць дадатковы рэйс у Паўлавічы па суботах і згадзіліся на тое, каб узамен гэтага быў зняты адзін з будніх рэйсаў.
Дадзеную просьбу мы пераадрасавалі кіраўніцтву “АТП-21”. Яно, як і чакалася, не пакінула людзей на ўзбочыне дарогі. У адказ на ліст рэдакцыі дырэктар прадпрыемства Аркадзь Станіслававіч Гушча паведаміў, што “АТП-21” прааналізавала пасажырапаток на маршруце і, кіруючыся Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2003 года № 724 “Аб мерах па ўкараненні сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва рэспублікі”, а таксама ўлічваючы пажаданні жыхароў Малых Паўлавіч, падкарэкціравала расклад. Цяпер аўтобус “Бешанковічы-Малыя Паўлавічы”, як і прасілі вяскоўцы, выконвае рэйсы па серадах, суботах і нядзелях.