На вуліцы Урыцкага ў райцэнтры адкрыўся прыватны магазін “Пралеска”.
Сёння шмат робіцца па стымуляванні дзелавой актыўнасці і прадпрымальніцкай ініцыятывы. Малому і сярэдняму бізнэсу аказваецца ўсемагчымая падтрымка на ўзроўні ўлады. Вось і гэты гандлёвы аб’ект узведзены ў межах падпраграмы “Вітгандаль” рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця, якая разлічана на пяцігодку.
Будаўніцтва магазіна абышлося прыватнаму прадпрыемству “АмедэкПлюс” у 280 мільёнаў рублёў. Вырас ён на бойкім месцы за невялікі адрэзак часу і адразу прыцягнуў увагу пакупнікоў як сваім прывабным знешнім выглядам і дызайнерскімі рашэннямі ў афармленні гандлёвай залы, так і якасцю абслугоўвання, рэжымам работы.
Гандлёвая плошча “Пралескі” складае 75 квадратных метраў. Тут працуе секцыя бытавой хіміі, але асноўны профіль магазіна – харчовыя тавары. Іх асартымент даволі вялікі: ад фруктаў, прысмакаў, сокаў і напояў да каўбас і паўфабрыкатаў, малочнай прадукцыі, хлебабулачных вырабаў.
Прыватнае прадпрыемства імкнецца задаволіць густы самых розных катэгорый пакупнікоў, каб заняць сваё месца на рынку тавараў і паслуг. Абслугоўваюць наведвальнікаў тры прадаўцы, але ў перспектыве тут плануюць павялічыць колькасць працоўных месцаў да пяці.