21-22 верасня Магілёўская вобласць прымае рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2012”, які праходзіць у Горках. Усе 246 запланаваных да рамонту, рэканструкцыі і новага будаўніцтва аб’ектаў уведзены ў эксплуатацыю. На гэтыя мэты асігнаваны больш за 744 мільярды рублёў. Больш таго, дадаткова ўведзены ў строй яшчэ 33 аб’екты. Сёння ў істотна прыхарашыўшыхся Горках вырашыцца галоўная інтрыга года – на цэнтральнай пляцоўцы свята хлебаробаў ля маладзёжнага культурна-забаўляльнага цэнтра з амфітэатрам адбудзецца цырымонія ўручэння першых прэмiй пераможцам рэспублiканскага спаборнiцтва па ўборцы зерневых і зернебабовых культур, дзяржаўных узнагарод, а заўтра ўшаноўваць будуць уладальнікаў другіх і трэціх прэмій. Удзел у “Дажынах” па традыцыі прыме Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
З хваляваннем прынялі запрашэнне на ўдзел у рэспубліканскім свяце-кірмашы “Дажынкі-2012” Уладзімір і Дзмітрый Міленкі з ПСУП “ААБ Наватар”. Для братоў сёлетняе жніво было другім па ліку. Летась Уладзімір і Дзмітрый намалацілі 1,5 тысячы тон зерня, а ў гэтым годзе ўзялі з хлебнага поля больш за 1,7 тысячы тон збожжа і гэтым праславілі раён.
Жніво завяршылася, але турбот у Міленкаў менш не стала. Уладзімір і Дзмітрый з камбайнаў пераселі на іншую тэхніку і цяпер клапоцяцца пра будучы ўраджай хлеба – даглядаюць азімыя палеткі. За гэтым заняткам мы і засталі іх на полі непадалёк ад вёскі Козінцы (на здымку).
– Мэты трапіць на рэспубліканскія “Дажынкі” мы перад сабой не ставілі, — прызнаецца Уладзімір, — проста імкнуліся якасна і хутка ўбраць хлеб. Безумоўна, прыемна, што падалося трапіць у лік лідараў і на справе даказаць, што моладзь хоча і можа працаваць на зямлі.
— Калегі па гаспадарцы рады нашай працоўнай перамозе, — дадае Дзмітрый, — адпраўляюць нас у Горкі з наказам вярнуцца з “Дажынак” на ўласным аўто. Для нас паездка на рэспубліканскае свята – гэта ўжо вялікі гонар, такі шанц можна заслужыць толькі шчырай і адказнай працай. А значыць, наперадзе яшчэ больш грандыёзныя і маштабныя планы, бо ўзяўшы такую высокую планку, цяпер трэба трымаць яе, ва ўсім быць прыкладам, славіць хлеб і залатыя рукі хлебаробаў.