З 2010 года з мэтай павышэння маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці гандляроў, забеспячэння росту колькасці і аб’ёму безнаяўных аперацый з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак «Беларусбанк» праводзіць у раёне конкурсы сярод арганізацый гандлю і сэрвісу.
Нядаўна былі падведзены вынікі чарговага спаборніцтва. У гэты раз па ўмовах конкурсу пераможцаў вызначалі па аб’ёме безнаяўных разлікаў пластыкавымі карткамі за май-ліпень бягучага года ў адносінах да красавіка 2012 года.
Як адзначыла дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №203 «ААБ Беларусбанк» Вольга Уладзіміраўна Невельская, у раёне плацёжнымі тэрміналамі аснашчаны 66 арганізацый гандлю і сэрвісу. З іх 44 прыходзяцца на магазіны райпа, што складае 65% у агульнай вазе.
Па выніках конкурсу, па росце безнаяўных разлікаў трэцяе месца заняў магазін «Онікс», другое — гандлёвае прадпрыемства «Утульнасць». А лідарам стаў магазін райпа, які абслугоўвае жыхароў населенага пункта Сініцы і навакольных вёсак.
Яго гаспадыня Таццяна Восіпаўна Калкова добра папрацавала ў гэтым накірунку і атрымала прырост у 163%. Стараннасць прадаўца адзначана каштоўным падарункам, які жанчыне ўручыла Вольга Уладзіміраўна Невельская на сходзе ўпаўнаважаных райпа (на здымку).