У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава самадзейнага мастака з Браслаўшчыны Яна Рыдзікі. Прага да творчасці – неад’емны складальнік жыцця мастака, побач з якім стаіць бязмежная любоў да сваёй малой Бацькаўшчыны – Браслаўшчыны, да краіны свайго народа – Беларусі. Выстава адбылася дзякуючы намаганням Сяргея
Сурыновіча, які вельмі захапляецца творчасцю Яна Рыдзікі.
– Экспазіцыя, якая прадстаўлена ў вашым музеі, упершыню была прадэманстравана ў Полацку. Апынуўшыся на гэтай выставе, вы яшчэ раз адчуеце, наколькі наша Беларусь прыгожая і мілая, – адзначыў Сяргей Уладзіміравіч падчас урачыстага адкрыцця выставы. – Ведаеце, няма ні воднага дня, каб Ян Антонавіч не пісаў, таму яго карцінная спадчына вельмі вялікая. Уласныя выставы мастака наладжваюцца літаральна кожны год. Для Браслаўшчыны Ян Антонавіч Рыдзіка – своеасаблівы Кант, які славіўся не толькі сваёй філасофіяй, але і тым, што на працягу ўсяго жыцця не пакінуў свайго роднага кута. На жаль, мой зямляк, па стане здароўя таксама не выязджае са сваёй вёскі. Затое яго ўтульны дом заўсёды рады гасцям. У сябе на радзіме Ян Антонавіч – фігура дастаткова вядомая і адметная. Нягледзячы на тое, што амаль усё жыццё ён адпрацаваў настаўнікам біялогіі ў школе (зараз ужо на пенсіі), з маленства захапляецца маляваннем і прысвячае гэтаму занятку кожную вольную хвіліну. Перавагу мастак аддае алейнаму жывапісу, спрабуючы сябе ў розных жанрах: партрэт, нацюрморт, пейзаж. Але больш за ўсё мастаку падабаецца маляваць прыроду, і з асаблівай асалодай ён працуе над эцюдамі. Ян Рыдзіка – ўдзельнік шматлікіх выстаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў, таксама мае за плячыма некалькі персанальных выстаў.
Сённяшняя ж выстава – унікальная калекцыя пейзажных красамоўных карцін, кожная з якіх па-свойму цікавая і яркая. Не пашкадуйце свайго часу і абавязкова наведайцеся ў музей.