Лета – найбольш спрыяльная пара для павелічэння вытворчасці малака. Сонца, свежае паветра, багацце сакавітай і пажыўнай травы спрыяльна ўплываюць на прадукцыйную функцыю жывёл.
У тых гаспадарках, дзе на працягу перыяда «вялікага малака» правільна выкарыстоўваюцца пашы і зялёны канвеер, адзначаюцца стабільна высокія надоі малака.
Істотную прыбаўку атрымліваюць у гэтыя дні ў ПУП «Свіціна-ВМК». На летне-пашавае ўтрыманне тут выведзены 200 кароў, яшчэ адзін гурт кругласутачна трымаецца на абноўленай ферме.
Так, валавая вытворчасць малака ў гаспадарцы павялічылася на 51% да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года (па стане на 3 чэрвеня). У дзень на ўмоўную галаву тут атрымліваюць па 21 кілаграму малака, што на 5 кілаграмаў больш, чым летась.
Атрымаць такую важкую прыбаўку змаглі дзякуючы ўкараненню найноўшых тэхналогій і тэхнічнаму пераўзбраенню. У гаспадарцы пасля мадэрнізацыі запусцілі ў работу МТФ «Вярхоўе» з новым даільным залам і сучасным абсталяваннем. Зараз тут кругласутачна абслугоўваюцца 145 галоў буйной рагатай жывёлы.
Пагалоўе гадуецца на аднатыпным рацыёне кармлення з рэкамендаванай дабаўкай да 30% зялёнага корму. Камп’ютарная сістэма, устаноўленая на жывёлагадоўчым аб’екце, дазваляе сачыць за станам здароўя кожнай буронкі. Дзякуючы добра адладжанай тэхналагічнай каляіне ў «Свіціне-ВМК» сортам «экстра» атрымліваюць да 88% малочнай прадукцыі пры яе таварнасці 92%.