Зайдзіце, калі ласка, у наша паштовае аддзяленне сувязі і сфатаграфуйце яго начальніка. Вельмі добрасумленны і адказны гэта чалавек, – параіў пры сустрэчы старшыня Астровенскага сельвыканкама Андрэй Мікалаевіч Ганковіч.
Такой жа думкі прытрымліваецца і начальнік Бешанковіцкага ўчастка паштовай сувязі Вольга Аляксандраўна Адзінцова.
Таццяна Анатольеўна Лоская не навічок у паштовай сувязі – калісьці пачынала аператарам, а вось апошнія пяць гадоў узначальвае Астровенскае аддзяленне паштовай сувязі. Яно адно з самых вялікіх у раёне. Сёння тут працуюць пяць паштальёнаў.
Пацікавіліся ходам падпіскі на «Зару».
– Нашу раёнку, як правіла, выпісваюць пенсіянеры ды галоўныя спецыялісты мясцовай гаспадаркі. А вось рабочыя не вельмі ахвотна згаджаюцца мець у хаце або кватэры свежы нумар раёнкі і такім чынам быць у курсе ўсіх спраў бешанковіцкага краю, – дзеліцца Таццяна Анатольеўна. – У газеце можна знайсці шмат навін, ёсць і цікавыя матэрыялы, прысвечаныя моладзі, прадстаўнікам старэйшага пакалення.
На жаль, на колькасць падпісчыкаў адмоўна ўплывае змяншэнне колькасці працуючых, а яшчэ смяротнасць жыхароў сельсавета. Штомесяц іх становіцца ўсё менш… Таму парой нашы намаганні данесці «Зару» да кожнага вяскоўца аказваюцца марнымі.
Ад рэдакцыі. Але ўсё ж такі мы спадзяёмся, што тыя жыхары Астровеншчыны, якія яшчэ не вызначыліся з выбарам перыядычнага выдання для сваёй сям’і, зробяць гэта на карысць раённай газеты «Зара».