Напярэдадні Новага года члены прэзідыума савета Бешанковіцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» разгледзелі некалькі важных пытанняў.
У прыватнасці, аб правядзенні акцыі «У Новы год з «Белай Руссю». Для гэтых мэтаў былі выдаткаваны грашовыя сродкі ў памеры 700 тысяч рублёў для набыцця навагодніх падарункаў для дзяцей дашкольных устаноў раёна.
У рамках акцыі «Белая Русь» – школам раёна» звыш двух мільёнаў рублёў выдзелена Бачэйкаўскай СШ для набыцця матэрыялаў для стварэння стэндаў у школьным музеі.
Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Бешанковіцкага раёна таксама атрымаў навагодні падарунак – звыш 3-х мільёнаў 700 тысяч рублёў. На гэтыя грошы закуплены спортінвентар для аддзялення дзённага знаходжання грамадзян сталага ўзросту.
Адбылася і яшчэ адна дабрачынная акцыя: пяцёра інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны райцэнтра ў якасці навагодняга падарунка ад «Белай Русі» атрымалі радыёпрыёмнікі коштам 300 тысяч рублёў кожны. Гэта У. К. Кармалітаў, М. І. Бабаед, А. А. Куімаў, І. П. Дашкевіч і К. К. Вялічка.
У рамках акцыі «Новы год – з «Белай Руссю» пабываць на навагодняй елцы, якая ўстаноўлена ў Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета ў г. Мінску, прадставілася магчымасць шматдзетнай сям’і Рэўцкіх з вёскі Будзілава.
Як вядома, у аграгарадку Бычыха, што ў Гарадоцкім раёне, вядзецца будаўніцтва Цэнтра суправаджаючага пражывання пажылых грамадзян «Дом Міласэрнасці». Мэта яго стварэння – даць магчымасць вярнуцца да нармальнага жыцця людзям з цяжкімі, зламанымі лёсамі, якія ў канцы свайго зямнога шляху апынуліся абсалютна адзінокімі, нямоглымі, без родных і блізкіх. У цяперашні час заканчваецца будаўніцтва асноўнага корпуса, распачата ўзвядзенне падсобных памяшканняў і збудаванняў, пракладка камунікацый.
Прэзідыум савета Бешанковіцкай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» на сваім пасяджэнні прыняў рашэнне аб выдзяленні на будаўніцтва «Дома Міласэрнасці» мільёна рублёў.