Close
Курс валют: $ 3.4714 | € 3.6432 | ₽100 3.3774 | 
 Погода в Бешенковичах: 4 °Cпасмурно

По итогам прошлого года Бешенковичский район добился неплохих показателей в животноводстве

План по выращиванию скота выполнен на 102%, задание по производству молока - на 109%. Объемы его реализации увеличились на 14,8%. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы супраць папярэдняга перыяду вырасла на 587 галоў, або на 3%.

Па выніках мінулага года раён дабіўся неблагіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі: план па вырошчванні жывёлы выкананы на 102%, заданне па вытворчасці малака – на 109%. Аб’ёмы яго рэалізацыі павялічыліся на 14,8%.  Пагалоўе буйной рагатай жывёлы супраць папярэдняга перыяду вырасла на 587 галоў, або на 3%.   
Аналізуючы вынікі работы гаспадарак у 2014 годзе, трэба адзначыць, што большасць  суб’ектаў сельскагаспадарчай вытворчасці паспяхова справілася з выкананнем даведзеных планаў, станоўчая дынаміка развіцця ў іх захоўваецца і цяпер.
Разам з тым  назіраецца  значная палярнасць у атрыманых  выніках. Калі ў адных гаспадарках вытворчыя паказчыкі дастаткова высокія, то ў іншых яны, наадварот, нізкія. Як правіла, гэта адны і тыя ж сельгаспрадпрыемствы. Такая нестабільная работа ў канчатковым выніку прыводзіць і да хісткага фінансавага становішча.
Напрыклад, па вытворчасці малака дрэнна спрацавалі летась жывёлаводы «ПлісаўАгра», «Бачэйкава-Агра». Дабіцца большага перашкодзіла адсутнасць вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, а таксама пралікі ва ўзнаўленні дойнага пагалоўя, дрэнна арганізаваны пераход з пашавага ўтрымання грамадскага пагалоўя на стойлавае, а яшчэ нізкая культура вядзення галіны. Усё разам і не дазволіла ім выйсці на запланаваныя рубяжы.
«ПлісыАгра», напрыклад, і цяпер не забяспечвае запланаваныя тэмпы вытворчасці малака. Прычына – несвоечасовая і запозненая работа па арганізацыі ўсяго тэхналагічнага ланцужка ў жывёлагадоўлі, пачынаючы з падрыхтоўкі і пастаноўкі груп цялушак, арганізацыі раздою першацёлак і кароў, атрымання і захаванасці прыплоду, плюс неэфектыўнае вырошчванне маладняку і фарміраванне заключнага адкорму.  
На асобных фермах не вырашана пытанне паўнацэннага кармлення навацельных кароў, першацёлак і па групах лактацыі. Не выкарыстоўваецца такі важны тэхналагічны прыём, як раздой цялушак, які дазваляе рэзка павысіць прадукцыйнасць. Аналіз кантрольных доек указвае на адсутнасць якаснага раздою ў ДП «ПлісыАгра», дзе навацельных кароў з надоем 10-15 літраў усяго 3-4 працэнты і поўнасцю адсутнічае жывёла з надоем 20 літраў.
У шэрагу гаспадарак няма і належнай аплаты працы, якая дазволіла б атрымліваць больш малака, што сведчыць аб непрафесіяналізме кіруючых кадраў або нежаданні выконваць патрабаванні часу. Гэта адносіцца да «БачэйкаваАгра» і «ПлісаўАгра».
Калі гаварыць пра таварнасць малака і асабліва яго якасць, то летась сортам «экстра» ў раёне было здадзена 49 працэнтаў прадукцыі. У той жа час у ДП «ПлісыАгра» – нуль. У цэлым нясём значныя страты ад здачы нізкагатунковага малака і вяртання прадукцыі ў гаспадаркі. Недастаткова ўвагі гэтаму пытанню надаецца і ў валаўтвараючых гаспадарках.  
Ёсць і яшчэ адзін якасны паказчык – надой малака на карову. Калі ў мінулым годзе ў цэлым па раёне было атрымана малака на карову больш за 5 тысяч кілаграмаў (плюс 404), то ў «ПлісахАгра» – меней 4-х тысяч.
Аб’ём валавых прывагаў склаў летась 102 працэнты. Але і тут не пазбеглі ўпушчэнняў. Не выйшлі на сярэднераённы ўзровень па прывагах у «ПлісахАгра», «Вядзераве», «Бачэйкаве-Агра» дзе за 2014 год атрыманы недаравальна нізкія сярэднясутачныя прывагі на дарошчванні маладняку і вырошчванні цялушак – крыху больш за 500 грамаў.
У раёне працягвае заставацца высокім і паказчык невытворчага выбыцця жывёлы – 7,5 працэнта да народжаных. Напрыклад, у «ПлісахАгра» і «Бачэйкаве-Агра» ў выніку парушэння тэхналогіі ўтрымання і кармлення маладняку і несвоечасовага правядзення ветэрынарных мерапрыемстваў ён дасягае вялікіх памераў – адпаведна 19,5 і 11,2 працэнта. І дагэтуль маладняк буйной рагатай жывёлы не забяспечаны прасторнымі і чыстымі памяшканнямі, хранічна не хапае боксаў для расцёлаў жывёлы зноў жа ў «ПлісахАгра», «Бачэйкаве-Агра», «Вядзераве», што ў будучым прывядзе да невытворчага выбыцця жывёлы і, як вынік, недабору валавай прадукцыі.
Колькі слоў пра ўзнаўленне грамадскага пагалоўя. Летась у раёне было атрымана 6859 цялят. Пачатак сёлетняга года паказвае, што з яўнага яго правалу пачалі новы перыяд у «АграВітВіне», «ПлісахАгра», «Вядзераве», дзе ўжо недаатрымана адпаведна 32, 51 і 92 галавы. Прычына – нізкая эфектыўнасць і нежаданне на месцах арганізаваць на належным узроўні штучнае асемяненне жывёлы, а таксама вялікі працэнт мёртванароджаных цялят. Не вырашаецца станоўча на месцах і пытанне асемянення рамонтнага маладняку. Дрэнна спрацавалі летась па асемяненні цялушак у «Бачэйкаве-Агра», «ПлісахАгра» і «ПалітаддзельцыАгра», атрымаўшы адпаведна на 112, 75 і 52 галавы  менш, чым за папярэдні перыяд.
Наяўнасць грамадскага пагалоўя – галоўная складаючая вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. На 1 студзеня 2015 года ў раёне налічвалася 19844 галавы буйной рагатай жывёлы. На 587 галоў больш, чым на такі ж перыяд у 2014 годзе. А вось у «ПлісахАгра» і «Бачэйкаве-Агра»  зноў «мінусуюць».
Хвалююць і адносіны асобных кіраўнікоў і спецыялістаў да захаванасці  асноўнага статка кароў, асабліва цельных. За мінулы год выбыла аж 2138 галоў жывёлы, або 33 працэнты ад іх колькасці.
Вось дзе рэзервы, вось дзе магчымасці мець больш жывёлагадоўчай прадукцыі! А значыць, мець вялікія грошы ад яе рэалізацыі. Словам, ёсць над чым задумацца нам усім.
Іван Марковіч, намеснік начальніка аддзела вытворчасці, збыту прадукцыі і інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top