Для Беларусі, як і для кожнай дзяржавы, найважнейшымі, асноватворнымі святамі з’яўляюцца Дзень Незалежнасці і Дзень Канстытуцыі, якія адзначаюцца 3 ліпеня і 15 сакавіка. Найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы ў нашай краіне з’яўляецца чалавек. Кожны з нас упэўнены ў тым, што наша жыццё, свабода, правы надзейна абаронены дзяржавай.
Ужо традыцыйным стала правядзенне напярэдадні Дня Канстытуцыі Усебеларускай акцыі «Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!» з уручэннем падлеткам, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, галоўнага дакумента – пашпарта грамадзяніна Беларусі. На ўрачыстасць, якая прайшла ў раённым Цэнтры культуры, сабраліся каля 60 юнакоў і дзяўчат з СШ №1 і №2 райцэнтра, гімназіі, Бачэйкаўскай, Астровенскай і Ржаўскай школ.
Быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь – гэта высокі гонар. Дзе б ні быў беларус – на сваёй зямлі ці далёка за мяжой, ён ганарыцца прыналежнасцю да сваёй краіны. У гэты ўдвая святочны дзень навучэнцы школ атрымалі не толькі пуцёўку ў дарослае жыццё, але і слова на дарогу ад ганаровых гасцей.
Для ўручэння пашпартоў на сцэну РЦК падняліся намеснік старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкі, вядучы спецыяліст па рэгістру насельніцтва групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Л. С. Мацюшова, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама М. А. Пясецкая, першы сакратар РК ГА «БРСМ» Т. А. Жукоўская.
Акрамя пашпарта маладыя людзі атрымалі ілюстраванае падарункавае выданне «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Яно складаецца з сямі глаў, дзе ў даступнай і папулярнай форме выкладаюцца артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прыводзяцца прыклады яе прымянення. У кнізе ўтрымоўваецца вялікая колькасць фатаграфій, тэкст дапоўнены афарызмамі, цытатамі, выказваннямі знакамітых людзей, вершамі беларускіх паэтаў. У падарункавы набор уваходзяць таксама СD-дыскі, на адным з якіх сабрана інфармацыя аб заканадаўчых актах, прынятых у Беларусі для падтрымкі моладзі, сям’і і шлюбу, на другім – музычныя творы беларускіх аўтараў, трэці дыск прысвечаны мастацкім шэдэўрам Беларусі.
Павіншавалі моладзь і падарылі невялікі канцэрт іх аднагодкі, якія займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах пры раённым Цэнтры культуры, і работнікі РЦК. Арганізацыю мерапрыемства ўзяла на сябе метадыст раённага Цэнтра культуры Кацярына Сяргееўна Белавус.
Яшчэ адным прыемным момантам святочнага дня стала ўрачыстае ўручэнне першым сакратаром РК ГА «БРСМ» Т. А. Жукоўскай членскіх білетаў і значкоў маладзёжнага аб’яднання новым яго членам. Шэрагі арганізацыі папоўнілі 25 юнакоў і дзяўчат.