Лагоднае сакавіцкае сонейка, лёгкі ветрык ды непаўторны водар зямлі, якая радасна абудзілася ад зімовага сну, сустрэлі ўдзельнікаў раённага семінара ля семянцоўскага поля ЗАТ «ААБ-Агра Наватар».
Акрамя кіраўнікоў,галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, а таксама райсельгасхарчу тут прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях М. А. Заблоцкі. На парадку дня было адно, але вельмі важнае пытанне – яравая сяўба збожжавых і зернебабовых.
Так, пытанне было адно, але яно ахоплівала ўсю дзейнасць аграпрамысловага комплексу Прыдзвіння. А яна ўтрымлівае ў сабе дзясяткі іншых пытанняў, сярод якіх не было другарадных, а толькі адны галоўныя.
Напрыклад, падкормка азімых КАСам, якую, не зважаючы на прысутных, актыўна вялі наватарцы. «Раса», за рулём якой быў адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Віктар Пятровіч Берднік, раз за разам пад’язджала да ёмістасці для чарговай запраўкі гэтым карысным ва ўсіх адносінах мінеральным угнаеннем.
На арганізацыйных момантах будучай сяўбы сканцэнтраваў увагу прысутных першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч. Акрамя актуальных задач, пастаўленых перад кіраўнікамі і галоўнымі спецыялістамі аграпрамысловага комплексу раёна, з вуснаў Сяргея Генадзьевіча гучала і нямала крытыкі. Заўважу, справядлівай. Паколькі, нягледзячы на пасяўную пару і пры гэтым спрыяльнае надвор’е, не ўсюды бачыцца і адчуваецца напружанасць гэтага важнага сельскагаспадарчага моманту. Не вядзецца належным чынам падкормка азіміны, як гэта робіцца ў тым жа «Наватары», не ўсюды гатова пасяўная і глебаапрацоўчая тэхніка, замаруджана пратручванне насення пад яравую сяўбу. Словам, нараканняў было нямала. Разам з тым кіраўніком райсельгасхарчу былі агучаны і некаторыя станоўчыя моманты будучай веснавой пасяўной кампаніі.
Нямала слушных парад разам з крытычнымі заўвагамі прагучала і ў выступленні намесніка начальніка райсельгасхарчу Андрэя Анатольевіча Булаўкіна. Адчувалася, што кіраўнік агранамічнай службы раёна заклапочаны нават самымі нязначнымі агрэхамі пры падрыхтоўцы да сяўбы.
У цэлым крытычным было і выступленне намесніка начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу па механізацыі М. В. Кавалёнка.
Думаецца, што кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак прыслухаюцца да парад, што прагучалі на семінары. Сапраўды, часу на раскачку ўжо няма. Патрэбны рашучыя дзеянні на месцах.