Вядома, бульба для беларуса – другі хлеб, які таксама здабываецца нялёгка. Аграрыі раёна актыўна вядуць яе ўборку. Вырошчваннем караняплода сёлета займаюцца Ульскі ліцэй і СУП «Вядзерава». У апошняй гаспадарцы, па стане на 18 верасня, з 60 гектараў было ўбрана19, ураджай склаў 364 тоны, у сярэднім па 195 цэнтнераў з гектара.
Як арганізавана ўборка другога хлеба, мы пабачылі на ўласныя вочы, калі наведаліся на бульбяны палетак СУП «Вядзерава».
– Зараз мы ўбіраем сорт «Астэрыкс», – паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Фёдаравіч Краўчанка. – Наступны па чарзе – «Брыз», ураджайнасць якога будзе лепшай.
Сярод механізатараў Сяргей Фёдаравіч адзначыў працу Я. І. Леаненкі і У. І. Семянькова. Увогуле ж шчыруюць працаўнікі нядрэнна. Кожны з іх перажывае за новы ўраджай, імкнецца перавезці як мага больш.
У той час, калі мы размаўлялі, на палетках кіпела работа. Дапамагчы дарослым прыйшлі вучні Астровенскай дзіцячага сада-сярэдняй школы. Збіраючы бульбу, яны весела гаманілі, смяяліся, дзяліліся ўражаннямі першага працоўнага дня.
– Яшчэ нельга прагназаваць, як справа пойдзе далей, – заўважае Сяргей Фёдаравіч. – Гэта залежыць і ад кожнага ўдзельніка, і ад надвор’я, і ад тэхнікі. Галоўнае ж, што пачатак ужо пакладзены.