Традыцыйна напярэдадні Новага гада ў экалагічным аддзеле раённага Цэнтра дзяцей і моладзі дзейнічае выстава-конкурс фітадызайну «Лёд. Кветкі. Фантазія». Яна складаецца з пяці намінацый. Усе творчыя работы рыхтуюцца вучнямі загадзя, акрамя тых, што ўдзельнічаюць у намінацыі «Фларыстычная цацка». Тут канкурсанты спаборнічаюць асабіста. Папрысутнічаць на мерапрыемстве пашчасціла і карэспандэнту «Зары».
Прадэманстраваць свае творчыя здольнасці паспрабавалі 5 каманд: вучні Ржаўскай дзіцячага сада-сярэдняй школы, дзеці, што займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах «Флордызайн» і «Прырода і творчасць», а таксама дзве групы навучэнцаў сярэдняй школы №2 райцэнтра. Дзеці яшчэ дома падрыхтавалі ўсе неабходныя матэрыялы і на працягу 90 хвілін займаліся стварэннем маленькіх шэдэўраў непасрэдна перад журы.
Канкурсанты выкарыстоўвалі яловыя шышкі, лён, кветкі і іншыя дары прыроды. Даўшы волю фантазіі, яны зрабілі цудоўныя работы. Быў тут і сімвал будучага года — малпа, а яшчэ — навагоднізваночак, снегавік, па-святочнаму аздоблены гадзіннік. Было вельмі складана вызначыць пераможцаў. Аднак, ацаніўшы работы з пункту гледжання тэхнікі выканання, кампазіцыйнага рашэння, эстэтычнасці афармлення, якасці матэрыялу, параіўшыся, журы абвясціла вынікі. Першае месца за неверагоднага кветкавага снегавіка атрымалі Вераніка Зянькова і Вераніка Ткачонак («Флордызайн», кіраўнік Л. А. Сёмак). Другое — у дзяўчат Сняжаны Рыкавай і Жанны Барысавай («Прырода і творчасць», кіраўнік Л. П. Аўчыннікава). Іх малпачка-лыжніца з цікавай прычоскай таксама пакарыла журы.
Увогуле, кожная работа па-свойму ўнікальная і выглядала годна. За сваю стараннасць, творчае бачанне свету ўдзельнікі атрымалі салодкія прызы і граматы, а пераможцы — дыпломы. Але гэта яшчэ не ўсё. Як паведаміла рэдакцыі загадчыца аддзелам экалогіі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Н. М. Шыёнак, пераможцы удзельнічалі ў абласным этапе выставы-конкурсу ў намінацыі «Фларыстычная цацка». Дзяўчаты з аб’яднання па інтарэсах «Флордызайн» занялі другое месца.
Што ж, новы імпульс для далейшай творчасці атрыманы.
Несумненна, перамагаць — прыемна, але карысна і проста паспаборнічаць. Не толькі прыз, сам удзел, дух спаборніцтваў захапляе. Такая праверка ўласных сіл дадасць жыццю энергіі і крыху няшкоднай рызыкі.