Невыпадкова музыка лічыцца адным з важных сродкаў у развіцці духоўнасці дзіцяці. Музычнае мастацтва ўплывае на асобу, раскрываючы ўнутраны духоўны свет чалавека, яго эмоцыі, розныя ідэі. Сучасныя навуковыя даследаванні сведчаць пра тое, што ўплыў гэты нічым не замяніць. Дзіця пачынае ўспрымаць прыгажосць у мастацтве і ў жыцці.
Невыпадкова ў лістападзе настаўнікі Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі канцэрт «Музычны заапарк», які адбыўся ў РЦК. Спачатку яго наведалі выхаванцы дзіцячых садкоў, потым вучні 2-4-х класаў сярэдніх школ райцэнтра. Маленькія гледачы весяліліся, ім падабалася пляскаць у ладкі, напяваючы словы вядомых і любімых песень пра слоніка, добрага кракадзіла Гену, кошку з мышкай, лісу і іншых звяроў. Прыўзняты настрой стваралі ансамбль віяланчэлістаў, ансамбль народных інструментаў, ансамбль баяністаў. Радавалі спевамі Ганна Інчына, Сафія Аўчыннікава, а таксама вакальная група дзіцячага хору. Захапленне выклікалі харэаграфічная пастаноўка Любові Вятчынінай «Ластаўкі», выступленні Аляксандра Казлова, Галіны Семяніды, Ганны Бурнэйкі, Кацярыны Сулімавай, Юрыя Рагеля, Міхаіла Карэліна, Пятра Івашнёва, Аляксандры Ерафеевай.
Музыка натхняе, акрыляе і спрыяе палёту ўяўлення, ажыўляе сэрца і падахвочвае прыгожа думаць. Музыка надае весялосць усяму існаму. Уільям Шэкспір адзначыў, што сіла мелодыі робіць чалавека пакорлівым і лагодным. Музыка ёсць увасабленне ўсяго прыгожага і ўсяго ўзнёслага. Так некалі сказаў пра яе Платон. Гэтую прыгажосць многія адкрываюць для сябе, пачаўшы наведваць музычную школу. У Бешанковіцкай дзіцячай школе мастацтваў акрамя музычнага накірунку дзейнасці ёсць выяўленчы і харэаграфічны. Фартэпіяна, віяланчэль, домра, баян, гітара, цымбалы, ударныя інструменты. Дзеці ідуць, куды пакліча душа, і кожнаму з іх рады. Хтосьці вывучае сальфеджыа, музычную літаратуру, харавыя дысцыпліны, займаецца калектыўным музыцыраваннем у ансамблях, аркестрах, а хтосьці захоплены асновамі класічнага, гісторыка-бытавога, народна-сцэнічнага танца, сучаснымі напрамкамі харэаграфіі. У класе выяўленчага мастацтва вучні вывучаюць яго гісторыю, займаюцца малюнкам, жывапісам, кампазіцыяй, знаёмяцца з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Штогод школа праводзіць больш за сотню мерапрыемстваў, у якіх абавязкова прымаюць удзел і вучні. Адна з форм работы – гэта творчае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі і адукацыйнымі ўстановамі. Канцэрты праводзяцца нават падчас канікулаў (для выхаванцаў дзіцячых садкоў і дзяцей, якія наведваюць аздараўленчыя лагеры). З адоранымі дзецьмі, якія плануюць звязаць жыццё з мастацтвам, акрамя школьных настаўнікаў займаюцца і куратары, што прыязджаюць з музычнага каледжа. Магчыма, не ўсе вучні стануць прафесіянальнымі музыкантамі, харэографамі ці мастакамі, але настаўнікі, усе як адзін, перакананыя, што адукацыя, атрыманая ў школе мастацтваў, карысна кожнаму дзіцяці. Маленькія хлопчыкі і дзяўчаткі, захапляючыся музыкай, жывапісам ці харэаграфіяй, будуць больш тонка і шматгранна ўспрымаць навакольны свет.