Close
Курс валют: $ 3.472 | € 3.614 | ₽100 3.3802 | 
 Погода в Бешенковичах: 5 °Cнебольшой дождь

За порядок и чистоту нелегко вести борьбу

Усе мы любім, каб было чыста, прычым як дома, так і на вуліцы. Парадак патрабуе пастаяннай увагі. Згадзіцеся, нават ва ўласным доме складана ўвесь час падтрымліваць чысціню на належным узроўні. Што тады казаць пра тэрыторыю раённага цэнтра ці вёскі? <P>

Усе мы любім, каб было чыста, прычым як дома, так і на вуліцы. Парадак патрабуе пастаяннай увагі. Згадзіцеся, нават ва ўласным доме складана ўвесь час падтрымліваць чысціню на належным узроўні. Што тады казаць пра тэрыторыю раённага цэнтра ці вёскі?


Няпростую і нястомную барацьбу супраць бруду і бескультур’я ў імя парадку і чысціні штодня вядзе камісія па добраўпарадкаванні, што створана пры раённым выканаўчым камітэце. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі аддзелаў ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва, землеўпарадкавальнай службы райвыканкама, РЦГЭ. Яны праводзяць абследаванні сядзібнай і шматпавярховай забудовы, вытворчых і грамадска-дзелавых зон, вуліц г. п. Бешанковічы, выязджаюць у сельскую мясцовасць. Члены камісіі правялі ўжо маніторынг утрымання 80% аб’ектаў, якія знаходзяцца ў іх на кантролі.


На жаль, не ўсе гаспадары аднолькава адказна адносяцца да сваіх абавязкаў і эфектыўна арганізоўваюць работу па ўтрыманні прыдамавых тэрыторый у парадку, іх абкосе, не ўсе выконваюць прыродаахоўнае заканадаўства, санітарныя і экалагічныя патрабаванні. Адмоўныя прыклады гаспадарання вы бачыце на фотаздымках. Дзесьці бур’ян ледзь не ў рост чалавека ці тэрыторыя захламлена смеццем (дарэчы, біч некаторых сельскіх населеных пунктаў – складзіраванне металалому ля дома), дзесьці пахіліліся агароджы, а рукі не даходзяць іх паправіць, дзесьці ўвогуле «храмае» эстэтыка жылога будынка – стаіць цвілы дом з дзіравым дахам і просіць паратунку.


Безумоўна, нядбайных гаспадароў прызываюць да адказу. Так, сёлета землеўпарадкавальнай службай за парушэнне правілаў добраўпарадкавання сядзібнай забудовы ў г. п. Бешанковічы і на вёсцы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 18 асоб, у тым ліку 17 фізічных і 1 юрыдычная. Спагнана штрафаў на агульную суму 900 рублёў.


– Мы штодзень сустракаемся з жыхарамі раёна, па месцы жыхарства праводзім тлумачальныя гутаркі аб важнасці добраўпарадкавання зямельных участкаў. Асноўная наша задача не пакараць, а працаваць на прафілактыку, – расказвае начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Г. І. Усцюгава. – Тым, хто правініўся, вызначаем тэрмін для акультурвання тэрыторыі, потым паўторна наведваем і, калі не ўдаецца чалавека пераканаць у неабходнасці ўзяцца за касу ці прыбраць смецце ля дома, даводзіцца прымяняць меры адміністрацыйнага ўздзеяння і караць рублём.


Галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Г. А. Аўчыннікаў да сказанага Галінай Іосіфаўнай дадаў, што штрафныя санкцыі сёння вельмі значныя. У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 15.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за невыкананне іншых патрабаванняў па ахове земляў прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 20 базавых велічынь на фізічную асобу, да 100 базавых велічынь – на індывідуальнага прадпрымальніка, да 300 базавых – на юрыдычную асобу.


– Сапраўдны гаспадар абавязкова павінен трымаць у парадку асабісты падворак, абкошваць яго, час ад часу вычышчаць-вымятаць смецце. Разам з суседзямі – прыбіраць прылеглую тэрыторыю, вуліцу, калі трэба, то і падправіць агароджу, нават калі яна была ўсталявана за кошт сродкаў сельвыканкама, з калегамі – паклапаціцца пра прывабнасць ля адміністрацыйнага будынка і на рабочых месцах. Добраўпарадкаваць, зрабіць вакол сябе чыста – першачарговая задача ўсіх працаўнікоў і жыхароў раёна, служб, арганізацый і ўстаноў, – выказала меркаванне жыхарка аграгарадка Ула Ірына Аляксандраўна Помме.


І з жанчынай, як і са спецыялістамі землеўпарадкавальнай службы, нельга не пагадзіцца. Калі чалавек сочыць за чысцінёй на сваім маленькім кавалачку зямлі, то наўрад ці будзе засмечваць вуліцу горада, у якім жыве, ці лясныя сцяжынкі, па якіх ходзіць за дарамі шчодрай прыроды. Вялікіх намаганняў для парадку ў родным пасёлку прыкладваць не трэба – проста пачніце з добраўпарадкавання ўласнага падворка. Чысціня і акуратнасць павінны быць стылем жыцця кожнага чалавека!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Leave a comment
scroll to top